Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
12 ліпеня 2018, 13:00

Пастаянныя прадстаўнікі сфарміруюць праекты парадкаў дня пасяджэнняў СМЗС і Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД

12 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД пры статутных і іншых органах Садружнасці сфарміруе 17 ліпеня на чарговым пасяджэнні ў Мінску праекты парадкаў дня пасяджэнняў СМЗС і Савета кіраўнікоў дзяржаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Выканаўчага камітэта СНД.

Кіраўнікам дзяржаў будзе прапанавана адобрыць праграму сумесных мер барацьбы са злачыннасцю на сярэднетэрміновы перыяд, а таксама пагадненні, якія датычацца супрацоўніцтва ў барацьбе са злачынствамі ў сферы інфармацыйных тэхналогій і абмену персанальнымі данымі. На пасяджэнні СМЗС плануецца разгледзець дакументы, што рэгламентуюць узаемадзеянне краін Садружнасці ў гуманітарнай сферы, падтрымцы маладзёжнага добраахвотніцкага руху, развіцці фізічнай культуры і спорту, а таксама пытанні інвентарызацыі дагаворна-прававой базы, стварэння і дзейнасці базавых арганізацый дзяржаў СНД па розных напрамках.

"Таксама ў праекты парадкаў дня пасяджэнняў уключаны пытанні, якія датычацца падрыхтоўкі і святкавання 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, рэалізацыі ў 2021 годзе міждзяржаўнай праграмы "Культурныя сталіцы Садружнасці" ў Таджыкістане, супрацоўніцтва ў галіне даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах, процідзеяння легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаванню тэрарызму і распаўсюджванню зброі масавага знішчэння", - расказалі ў прэс-службе. Чакаецца, што пасля адабрэння міністрамі замежных спраў кіраўнікі дзяржаў падпішуць заяву з нагоды 70-годдзя з дня прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ад 10 снежня 1948 года.

Акрамя таго, пастаянныя прадстаўнікі краін Садружнасці абмяркуюць ход рэалізацыі даручэнняў, якія вынікаюць з рашэнняў праведзеных у мінулым і бягучым гадах пасяджэнняў вышэйшых органаў СНД, а таксама прапаноў, выказаных кіраўнікамі дэлегацый у ходзе гэтых пасяджэнняў. Плануецца падвесці прамежкавыя вынікі старшынства Таджыкістана ў Садружнасці за першае паўгоддзе і заслухаць інфармацыю аб выніках міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню па міжнародным дзесяцігоддзі дзеянняў "Вада для ўстойлівага развіцця, 2018-2028 гады".

Чарговыя пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў і Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД намечаны на 27 і 28 верасня адпаведна ў Душанбэ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі