Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
29 снежня 2017, 14:11

Парламенцкая дэлегацыя Беларусі на чале з Андрэйчанкам наведае ў канцы лютага Швейцарыю

29 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парламенцкая дэлегацыя Беларусі на чале са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімірам Андрэйчанкам 27 лютага - 1 сакавіка наведае Швейцарыю. Размова аб гэтым ішла на сустрэчы спікера з кіраўніком аддзялення пасольства Швейцарыі ў Мінску Клодам Альтэрматам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Наведаць краіну з афіцыйным візітам Уладзіміра Андрэйчанку запрасіў старшыня Нацыянальнага савета Швейцарыі (ніжняя палата парламента). "Гэты візіт дасць магчымасць значна паглыбіць супрацоўніцтва краін", - перакананы спікер. Прычым размова ідзе не толькі аб парламенцкім вымярэнні. Старшыня Палаты прадстаўнікоў прапанаваў унесці ў парадак дня пытанні гандлёва-эканамічнага, крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва з магчымым выхадам на падпісанне канкрэтных кантрактаў.

"Мы вельмі зацікаўлены ў развіцці інвестыцыйнага супрацоўніцтва, прыцягненні ў Беларусь швейцарскіх інвестыцый", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка. На яго думку, перспектыўным для інвестараў са Швейцарыі будзе выхад на рынак ЕАЭС з высокатэхналагічнай прадукцыяй, якую можна было б вырабляць у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень", ПВТ, свабодных эканамічных зонах. "Мы чакаем інвестараў са Швейцарыі і гатовы прадаставіць ім адпаведныя ўмовы для работы", - падкрэсліў старшыня Палаты прадстаўнікоў. Спікер звярнуў увагу, што гэтаму будуць садзейнічаць і прынятыя ў канцы года ў Беларусі дэкрэты Прэзідэнта "Аб развіцці прадпрымальніцтва" і "Аб развіцці лічбавай эканомікі". Пакуль на тэрыторыі Беларусі працуе 118 кампаній са швейцарскім капіталам, больш за 50 сумесных прадпрыемстваў.

У сваю чаргу Клод Альтэрмат адзначыў, што стымулам для развіцця двухбаковых адносін стала летняя сесія ПА АБСЕ, якая прайшла ў гэтым годзе ў Мінску. Пасля яе вельмі многія парламентарыі са Швейцарыі выказалі зацікаўленасць у актывізацыі супрацоўніцтва па розных напрамках.

У час сустрэчы падкрэслівалася, што ў двухбаковым парадку дня адсутнічаюць праблемныя пытанні, якія перашкаджалі б супрацоўніцтву краін. Апошнім часам на сістэмную аснову выйшлі міжпарламенцкія кантакты. Так, у парламенце Беларусі працуе група дружбы з Федэральным сходам Швейцарыі. Беларускія парламентарыі з задавальненнем успрынялі інфармацыю аб стварэнні ў гэтым годзе такой жа групы ў парламенце Швейцарыі. Яна з'явілася ўпершыню за 25 гадоў з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж краінамі. Акрамя таго, парламентарыі Беларусі і Швейцарыі актывізавалі супрацоўніцтва на міжнародных пляцоўках, у тым ліку ў ПА АБСЕ, Міжпарламенцкім саюзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі