Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
21 мая 2018, 11:48

Парламентарыям важна садзейнічаць міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву Беларусі і Эквадора - Андрэйчанка

21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парламентарыям Беларусі і Эквадора важна садзейнічаць развіццю міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Такое меркаванне 18 мая выказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы з міністрам замежных спраў і міграцыі Эквадора Марыяй Фернандай Эспіносай Гарсес, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На думку спікера, парламентарыі могуць больш актыўна ўзаемадзейнічаць у плане абмену вопытам у заканатворчай дзейнасці. Важнымі напрамкамі ён назваў таксама супрацоўніцтва на міжрэгіянальным узроўні, у галіне турызму, адукацыі. У 2016 годзе Беларусь з афіцыйным візітам наведала старшыня Нацыянальнай асамблеі Эквадора Габрыэла Рывадэнэйра Бурбана, было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж парламентамі. Такім чынам, як адзначыў Уладзімір Андрэйчанка, ужо створана сістэмная прававая аснова для развіцця супрацоўніцтва. Значную ролю ў гэтым адыгрываюць парламенцкія групы дружбы. "Каб нарошчваць у цэлым наша супрацоўніцтва, думаю, што трэба значна актывізаваць іх работу", - лічыць ён.

Беларусь надае вялікае значэнне развіццю адносін з Эквадорам. У двухбаковым парадку дня няма праблемных пытанняў, якія перашкаджалі б пашырэнню, паглыбленню супрацоўніцтва. "Больш таго, у нас вялікі нявыкарыстаны патэнцыял. Мы адкрыты для шырокага супрацоўніцтва па ўсіх напрамках, якія ўяўляюць узаемную цікавасць", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка. Пры гэтым, як звярнуў увагу спікер, супрацоўніцтва дзве краіны пачынаюць не з чыстага ліста, ёсць вельмі добры задзел у гандлёва-эканамічным напрамку. І ён пашыраецца: так, за 2017 год узаемны тавараабарот падвоіўся, дадатная тэндэнцыя намячаецца і ў 2018-м.

Беларусь і Эквадор плённа супрацоўнічаюць на міжнароднай арэне, аказваючы адзін аднаму ўзаемную падтрымку. "Але трэба зрабіць больш, і важны ўклад у развіццё супрацоўніцтва павінны ўнесці парламентарыі", - перакананы Уладзімір Андрэйчанка.

У сваю чаргу Марыя Фернанда Эспіноса Гарсес падкрэсліла, што Беларусь і Эквадор надаюць вялікае значэнне развіццю двухбаковых адносін. У 2018 годзе краіны адзначаюць 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Да гэтага часу яны дасягнулі пэўных поспехаў не толькі ў гандлі, але рушылі наперад у такіх напрамках, як адукацыя, тэхналогіі, узаемныя інвестыцыі. Міністр адзначыла ўклад Беларусі ў развіццё нафтавага сектара Эквадора. "Мы знаходзімся на тым этапе, каб ацаніць дасягненні і намеціць перспектывы. Так, Эквадор зацікаўлены ў пашырэнні супрацоўніцтва шляхам пашырэння пагаднення з ЕАЭС", - сказала Марыя Фернанда Эспіноса Гарсес.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі