Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
29 мая 2019, 11:30

Назарбаеў выступае за пашырэнне стратэгічных контураў ЕАЭС

29 мая, Нур-Султан /Кар. БЕЛТА/. Першы Прэзідэнт Казахстана, ганаровы старшыня Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета (ВЕЭС) Нурсултан Назарбаеў выступае за пашырэнне стратэгічных контураў ЕАЭС. Аб гэтым ён заявіў сёння на пасяджэнні ВЕЭС у пашыраным складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Пасля фазы адносна хуткага развіцця ў першыя пяць гадоў саюз уступае ў больш складаны, павольны этап эвалюцыі. І мы павінны гэта прызнаць. У цэлым наспела неабходнасць выпрацоўкі новага бачання развіцця", - сказаў Нурсултан Назарбаеў.

Ганаровы старшыня ВЕЭС выказаў некалькі прапаноў, як павінен развівацца Еўразійскі эканамічны саюз. Адна з іх датычыцца пашырэння стратэгічных контураў ЕАЭС і ўзмацнення ідэі інтэграцыі. "Нам трэба наладзіць паўнацэннае супрацоўніцтва паміж Еўразійскім эканамічным саюзам, Еўрапейскім саюзам, Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцта і, магчыма, АСЕАН. Гэта няпростыя задачы, але калі мы будзем разам працаваць, то можна пашырыць такія ідэі", - лічыць Нурсултан Назарбаеў.

Ён падкрэсліў, што сэнс еўразійскай эканамічнай прасторы не ў тым, каб краіны закрываліся ад усяго свету, а, наадварот, рабілі свой саюз больш адкрытым.

Акрамя таго, на думку Нурсултана Назарбаева, пры развіцці ЕАЭС трэба выкарыстоўваць перавагі кітайскай ініцыятывы "Пояс і шлях". "Гэта дасць нам каласальны эканамічны эфект, будзе садзейнічаць дасягненню як унутраных, так і знешніх мэт нашага аб'яднання", - звярнуў увагу ганаровы старшыня ВЕЭС.

Перспектывы ён бачыць і ў развіцці імпартазамяшчэння ўнутры Еўразійскага эканамічнага саюза. Нурсултан Назарбаеў прапанаваў стварыць рабочую групу, якая занялася б вывучэннем гэтага пытання. "Трэба прааналізаваць, што мы імпартуем. Я паглядзеў нашу казахстанскую структуру: 50 працэнтаў інфляцыі мы атрымліваем ад імпарту тавараў. А імпартуем тое, што мы ўсе вырабляем", - заўважыў першы Прэзідэнт Казахстана. Ганаровы старшыня ВЕЭС таксама лічыць, што краіны павінны развіваць маштабныя сумесныя праекты, запатрабаваныя на ўсёй прасторы саюза. У якасці прыкладу ён прывёў самалётабудаванне.

Нурсултан Назарбаеў звярнуў увагу на неабходнасць распрацоўкі новых стратэгій па заваяванні рынкаў ва ўмовах гандлёвых войнаў. Ён заўважыў, што ў гандлёвае процістаянне ўступілі ЗША і Кітай, з-за чаго ў гэтых краінах вызваліліся пэўныя нішы для гандлю. "Чаму не ўвайсці ў гэтыя нішы са сваімі таварамі?" - спытаў першы Прэзідэнт Казахстана.

Ён дадаў, што за адносна невялікі прамежак часу краіны ЕАЭС правялі велізарную работу і ключавым прыярытэтам дзейнасці павінна заставацца прыхільнасць да эканамічных мэт. Ганаровы старшыня ВЕЭС упэўнены, што спрэчныя пытанні можна вырашаць у рабочым парадку, не выносячы іх на ўзровень прэзідэнтаў. "Трэба не ўставаць у позу, не ўстаўляць палкі ў колы, а вырашаць пытанні. Ад гэтага залежыць будучае нашага саюза", - рэзюмаваў Нурсултан Назарбаеў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі