Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
09 жніўня 2017, 12:38

МЗС Беларусі запрасіла на размову польскага пасла пасля выказванняў Вашчыкоўскага пра БелАЭС

9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства замежных спраў Беларусі запрасіла для размовы пасла Польшчы пасля выказванняў міністра замежных спраў гэтай краіны Вітальда Вашчыкоўскага ў інтэрв'ю РІА Навіны аб тым, што яго краіна не мае намеру закупляць у будучым энергію з будуемай у Беларусі АЭС, таму што ў аснове праекта нібыта ляжаць "небяспечныя тэхналогіі". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.

"Хацелі б нагадаць, што прымяняемыя пры будаўніцтве Беларускай АЭС тэхналогіі паспяхова выкарыстоўваюцца пры рэалізацыі аналагічных праектаў у такіх краінах Еўрапейскага саюза, як Венгрыя, Славакія, Фінляндыя і Чэхія. Наколькі нам вядома, афіцыйнай крытыкі з боку Польшчы ў адрас згаданых дзяржаў па гэтай тэме не гучала. У сувязі з гэтым пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь запрошаны ў МЗС для размовы", - расказалі ў міністэрстве.

У ведамстве дадалі, што ў выпадку, калі працытаваныя ў СМІ словы Вітальда Вашчыкоўскага цалкам адпавядаюць сказанаму, у наяўнасці палітызацыя руціннага пытання будаўніцтва Беларускай АЭС праз дэманстрацыю асобнымі краінамі так званай еўрапейскай салідарнасці пад націскам літоўскага боку. "Беларусь адкрыта да супрацоўніцтва і кантактаў па пытаннях ядзернай бяспекі, у тым ліку ў кантэксце будаўніцтва Беларускай АЭС, з усімі зацікаўленымі і тым больш такімі блізкімі суседзямі, як Польшча", - падкрэслілі ў МЗС.

Як заўважылі ў міністэрстве, Польшча ў 2009-2013 гадах удзельнічала ў міждзяржаўным абмеркаванні вынікаў праведзенай Беларуссю ацэнкі ўздзеяння будучай АЭС на навакольнае асяроддзе і не пярэчыла супраць рэалізацыі праекта. "Прэтэнзіі або сумненні адносна бяспекі праекта польскі бок у кантактах з намі не выказваў ні на двухбаковым узроўні, ні ў рамках існуючых міжнародных фарматаў. Так, напрыклад, у ходзе працэсу абмеркавання нацыянальнага даклада Беларусі аб выкананні Канвенцыі аб ядзернай бяспецы напярэдадні Нарады бакоў (27 сакавіка - 7 красавіка 2017 года) польскія калегі задалі ўсяго тры практычныя пытанні, на якія мы адказалі, - звярнулі ўвагу ў ведамстве. - Прагучаўшая ўвязка нібыта прынятага рашэння не закупляць электраэнергію, вырабленую на Беларускай АЭС, з "небяспечнасцю тэхналогіі" гучыць дзіўна як мінімум у святле таго, што Польшча сама разглядае магчымасць развіцця ў краіне ядзернай энергетыкі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі