Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
28 чэрвеня 2017, 14:24

МЗС Беларусі: ПАСЕ пакуль не ўдалося поўнасцю адмовіцца ад памылковых стэрэатыпаў і ўстарэлых падыходаў

28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства замежных спраў Беларусі распаўсюдзіла каментарый у сувязі з прыняццем 27 чэрвеня даклада Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы "Сітуацыя ў Беларусі", паведамляе БЕЛТА.

"Уважліва азнаёміліся з дакладам Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы "Сітуацыя ў Беларусі", падрыхтаваным італьянскім дэпутатам Андрэа Рыгоні. Вітаем рашэнне ПАСЕ прадоўжыць сваю дзейнасць і падтрыманне кантактаў высокага ўзроўню з беларускімі ўладамі. Гэты крок адкрывае магчымасць абмяркоўваць узаемныя заклапочанасці паміж парламентам Беларусі і ПАСЕ і ліквідуе штучную перашкоду для развіцця адносін з нашай краінай, створаную асобнымі недальнабачнымі палітыкамі яшчэ ў 2011 годзе, - гаворыцца ў каментарыі. - На жаль, асамблеі пакуль не ўдалося поўнасцю адмовіцца ад памылковых стэрэатыпаў і ўстарэлых падыходаў. Аб гэтым сведчыць шэраг палажэнняў даклада, якія мы не лічым аб'ектыўнымі".

"Выклікае шкадаванне прыняцце папраўкі літоўскага боку да даклада па БелАЭС, нягледзячы на справядлівыя пярэчанні шэрага дэпутатаў аб тым, што гэта тэма не мае ніякага дачынення не толькі да разглядаемага пытання, але і дзейнасці ПАСЕ", - адзначылі ў МЗС.

"Вымушаны канстатаваць: замест таго, каб весці з намі дыялог у двухбаковым фармаце, працаваць разам у рамках спецыялізаваных міжнародных арганізацый і ў першую чаргу ў МАГАТЭ, Літва прадаўжае ісці па шляху палітызацыі гэтага пытання, задзейнічаючы ў сваіх неканструктыўных мэтах міжнародныя пляцоўкі, якія не маюць ніякага дачынення да атамнай энергетыкі. Не здзівімся, калі заўтра пытанне аб БелАЭС "усплыве" ў парадку дня Міжнароднай федэрацыі шашак", - падкрэсліваецца ў заяве.

Што датычыцца шэрага заклікаў да беларускага боку, якія змешчаны ў дакладзе, то абмеркаванне абазначаных у іх тэм праходзіць ужо ў рамках дыялогаў па правах чалавека паміж Беларуссю і яе заходнімі партнёрамі, заявілі ў знешнепалітычным ведамстве.

У міністэрстве лічаць прыемным, што большасць членаў ПАСЕ выступілі за рэгулярнае запрашэнне парламентарыяў Беларусі на пасяджэнні Камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі.

"Падтрымліваем адлюстраваны ў рэзалюцыі заклік ПАСЕ да Еўрапейскага саюза разгледзець магчымасць зняцця ўсіх дзеючых санкцый адносна нашай краіны. Мы цвёрда ўпэўнены ў неабходнасці пашырэння канструктыўнага супрацоўніцтва з Саветам Еўропы і яго Парламенцкай асамблеяй. Лічым, што прыняты ПАСЕ даклад, нягледзячы на ўсе яго недахопы, стварае для гэтага неабходныя перадумовы", - рэзюмавалі ў МЗС.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі