Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
01 кастрычніка 2018, 18:07

Макей прадставіў у Нью-Ёрку пазіцыю Беларусі па рэфармаванні ААН

1 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сёння на агульнай дыскусіі 73-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку прадставіў пазіцыю краіны па рэфармаванні арганізацыі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Дыпламат адзначыў, што нядаўна краіны ААН прынялі такія важнейшыя дакументы, як Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года і Парыжскае пагадненне па клімаце. У канцы гэтага года міжнародная супольнасць павінна даць "зялёнае святло" яшчэ двум дакументам, на якія ўскладаюцца асаблівыя надзеі для змяненняў да лепшага, - глабальным пагадненням па бежанцах і мігрантах.

"Рэалізацыя гэтых знакавых ініцыятыў прызначана самым сур'ёзным чынам трансфармаваць жыццё ўсіх краін і народаў, забяспечыць справядлівую глабалізацыю, у якой не было б прайграўшых, выкараніць беднасць, захаваць планету для будучых пакаленняў", - падкрэсліў міністр.

Паводле яго слоў, пошук адказаў на глабальныя выклікі, шляхоў вырашэння агульных задач з усёй відавочнасцю паказвае: ні адна краіна не можа вырашыць іх самастойна. "Не можа быць індывідуальнага прагрэсу без прагрэсу калектыўнага. Менавіта таму, якая справядлівая крытыка ні гучала б у адрас ААН, арганізацыя па-ранейшаму патрэбна нам як унікальная платформа для супрацоўніцтва, дзейсны шматбаковы механізм, заснаваны на прынцыпах, якія гарантуюць роўнае і паважлівае стаўленне да любой краіны, яе прыярытэтаў і патрэб", - перакананы Уладзімір Макей.

Ён лічыць, што для садзейнічання дзяржавам у вырашэнні амбіцыйных задач Парадку дня‑2030 неабходны эфектыўныя "каманды ААН" на месцах, якія змогуць рэзультатыўна і рацыянальна падтрымліваць урады на шляху да ўстойлівага развіцця. "Менавіта ў гэтым мы бачым сутнасць рэфармавання сістэмы развіцця ААН", - заявіў беларускі дыпламат.

Як паведамлялася, Уладзімір Макей знаходзіцца з візітам у Нью-Ёрку з 1 па 4 кастрычніка. У яго запланаваны сустрэчы з Генеральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрышам і яго першым намеснікам Амінай Махамед, з якой беларускі дыпламат правядзе тэматычнае пасяджэнне, прысвечанае пытанням дасягнення МУР.

Уладзімір Макей таксама адкрые ў штаб-кватэры ААН фотавыставу "Быць чэмпіёнам: гісторыя вялікіх перамог", прысвечаную беларускаму спорту, укладу Беларусі ў міжнародны алімпійскі рух. На гэтым мерапрыемстве будзе дадзены старт маштабнай міжнароднай прэзентацыі важнай падзеі наступнага года - II Еўрапейскіх гульняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі