Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
05 лістапада 2019, 17:29

Макей прадставіў прапановы па развіцці "Усходняга партнёрства" да 2030 года

5 лістапада, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей на юбілейных урачыстасцях у Швецыі з нагоды 10-годдзя "Усходняга партнёрства" прадставіў прапановы па развіцці гэтай ініцыятывы на перыяд да 2030 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства.

"5 лістапада адбыўся першы ў гісторыі беларуска-шведскіх адносін рабочы візіт міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея ў Каралеўства Швецыя, - звярнулі ўвагу ў прэс-службе. - Па запрашэнні міністра замежных спраў Ан Ліндэ і міністра па пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця Петэра Эрыксана кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства прыняў удзел у сустрэчы высокага ўзроўню з нагоды дзесяцігоддзя "Усходняга партнёрства". У мерапрыемстве таксама ўдзельнічалі кіраўнікі МЗС іншых краін, ахопленых гэтай ініцыятывай Еўрапейскага саюза, - Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Украіны, намеснік міністра замежных спраў Польшчы і прадстаўнікі Еўрапейскай камісіі".

У сваім выступленні Уладзімір Макей прадставіў прапановы Беларусі па развіцці "Усходняга партнёрства" на перыяд да 2030 года, звярнуў увагу на ключавыя праблемы, якія стаяць перад гэтай ініцыятывай. Ён падкрэсліў, што "Усходняе партнёрства" павінна стаць рэгіёнам стабільнасці і працвітання, нацэленым на канкрэтныя вынікі. Міністр заклікаў Еўрасаюз і далей падтрымліваць перагаворы аб уступленні Беларусі ў СГА і пачаць работу над базавым пагадненнем.

Уладзімір Макей асабліва падкрэсліў мэтазгоднасць спрашчэння Еўрасаюзам працэдур доступу тавараў з краін "Усходняга партнёрства" на еўрапейскі рынак, узмацнення вытворчай кааперацыі паміж еўрапейскімі кампаніямі і прадпрыемствамі з ахопленых ініцыятывай дзяржаў.

Кіраўнік МЗС правёў сустрэчу з міністрам замежных спраў Швецыі. Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў абмяняліся думкамі па пытаннях адносін Беларусі з Еўрапейскім саюзам і будучыні ініцыятывы "Усходняе партнёрства". Абмеркаваны пытанні беларуска-шведскіх адносін, закраналася праваабарончая праблематыка.

У Рыксдагу адбылася сустрэча кіраўніка беларускага МЗС са старшынёй парламента Швецыі Андрэасам Нурленам. Галоўнымі пытаннямі былі міжпарламенцкае супрацоўніцтва дзвюх краін, узаемадзеянне ў рамках шматбаковых рэгіянальных ініцыятыў.-0-

Фота МЗС

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі