Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
23 мая 2019, 17:52

Макей на сустрэчы з Лаўровым у Маскве мае намер адкрыта абмеркаваць парадак дня адносін Беларусі і РФ

23 мая, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на сустрэчы 27 мая ў Маскве з расійскім калегам Сяргеем Лаўровым мае намер адкрыта абмеркаваць увесь парадак дня адносін дзвюх краін. Аб гэтым кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства заявіў сёння журналістам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Пытанняў вельмі шмат. І мы маем намер, як заўсёды, адкрыта абмеркаваць з маім калегам увесь парадак дня нашых адносін", - сказаў Уладзімір Макей.

Уладзімір Макей заклікаў не шукаць "нейкі падвох, падаплёку" ў сувязі з паведамленнем аб маючай адбыцца сустрэчы міністраў замежных спраў Беларусі і Расіі. "Рэгулярна мы з маім калегам абменьваемся візітамі. У мінулым годзе ён наведваў Рэспубліку Беларусь, у гэтым годзе мая чарга наведаць Расійскую Федэрацыю", - растлумачыў ён.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства таксама расказаў, якія менавіта тэмы плануецца закрануць на сустрэчы. "Звычайна ў рамках сустрэч мы праводзім аналіз узаемадзеяння, супрацоўніцтва і на двухбаковай аснове, і ў шматбаковым фармаце. Цяпер будзем абмяркоўваць пытанні падрыхтоўкі і правядзення сумеснай калегіі МЗС Беларусі і Расіі, якая адбудзецца восенню ў Расіі, контуры наступнай праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі", - падкрэсліў Уладзімір Макей.

Ён не выключыў, што размова пойдзе таксама аб пастаўках нафты і нафтапрадуктаў. Адказваючы на пытанне, ці будуць яны з Сяргеем Лаўровым абмяркоўваць самыя гарачыя тэмы тыпу нафты, Уладзімір Макей сказаў: "Мы з ім абмяркоўваем усе пытанні, уключаючы і самыя гарачыя. Мы заўсёды адкрыта абмяркоўваем усе пытанні, звязаныя з нашым двухбаковым супрацоўніцтвам і ўзаемадзеяннем у рамках шматбаковых арганізацый".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі