Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
18 мая 2017, 19:05

Макей: Беларусь можа і павінна адыгрываць больш значную ролю ў рэгіянальнай і сусветнай палітыцы

18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выйшаўшы на якасна новы віток свайго развіцця, Беларусь можа і павінна адыгрываць больш значную ролю не толькі ў рэгіянальнай, але і ў сусветнай палітыцы. Аб гэтым гаворыцца ў артыкуле міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея, апублікаваным газетай "СБ. Беларусь сегодня" ў рамках цыкла публікацый, прысвечаных 25-годдзю з дня, калі Беларуссь здабыла незалежнасць і дзяржаўны суверэнітэт, паведамляе БЕЛТА.

Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства расказаў пра поспехі і дасягненні сучаснай беларускай дыпламатыі, а таксама падзяліўся сваімі думкамі па найбольш актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня.

У артыкуле адзначаецца, што за гады незалежнасці Беларусь зрабіла ўражальны крок наперад у грамадска-палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці, дабілася прыкметных поспехаў на міжнароднай арэне, стала ўдзельніцай новых інтэграцыйных праектаў, пашырыла кола замежных партнёраў і саюзнікаў, адкрыла, асвоіла і замацавала за сабой новыя перспектыўныя рынкі. У вельмі складаным геапалітычным кантэксце не дапушчана пранікнення ў краіну хаосу і насілля, удалося зберагчы мір, бяспеку, стабільнасць у грамадстве і дзяржаве.

"Невялікая па памерах краіна нязменна выступала з трыбуны ААН, іншых знакавых пляцовак з аб'ёмным, "панарамным" бачаннем сусветных праблем, са значнымі знешнепалітычнымі ініцыятывамі, актуальнымі для многіх дзяржаў і народаў свету", - адзначыў міністр.

У гэтым кантэксце ён нагадаў аб вылучанай на саміце ААН 2005 года ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі аб прызнанні разнастайнасці шляхоў прагрэсіўнага развіцця ў якасці каштоўнасці чалавечай цывілізацыі і яшчэ адной вядомай ініцыятыве беларускага боку па праблематыцы барацьбы з гандлем людзьмі, ідэі "інтэграцыі інтэграцый".

Сведчаннем адкрытасці беларускай дзяржавы для ўзаемадзеяння па любых пытаннях, уключаючы праваабарончую тэматыку, стала прыняцце першага Нацыянальнага плана па правах чалавека на 2016-2019 гады. Такім чынам, Беларусь увайшла ў лік 40 краін свету, якія маюць такія праграмы.

"Міралюбівая шматвектарная знешняя палітыка - гэта свядомы выбар. Ужо ўстойлівым стаў выраз "Беларусь з'яўляецца донарам бяспекі ў Еўрапейскім рэгіёне і свеце". І гэта абсалютна справядліва, - гаворыцца ў артыкуле. - Работа трохбаковай кантактнай групы па Украіне ў Мінску яшчэ раз пацвердзіла рэнамэ Беларусі як надзейнага "правайдара" бяспекі ў Еўропе, які адыгрывае значную ролю ва ўрэгуляванні крызісу ва Украіне. Заканамерным вынікам стала рашэнне ўпершыню правесці чарговую сесію Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Мінску ў ліпені 2017 года".

Адзначаецца, што за гады незалежнасці Беларуссю выбудаваны трывалы фундамент адносін з ключавым стратэгічным партнёрам - Расійскай Федэрацыяй - як на двухбаковай аснове, так і ў інтэграцыйных аб'яднаннях. Беларусь як адна з краін - заснавальніц Еўразійскага эканамічнага саюза ўнесла важкі ўклад у гэты працэс. Тым не менш, кіраўнік МЗС канстатаваў, што асноўныя мэты ЕАЭС: стварэнне ўмоў для свабоднага перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталаў і рабочай сілы без выключэнняў і абмежаванняў, а таксама рэалізацыя ўзгодненай палітыкі ў ключавых сектарах эканомікі - да гэтага часу не дасягнуты. На гэта пастаянна звяртае ўвагу партнёраў па інтэграцыі беларускі бок.

Ён таксама заўважыў, што працэсы ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў маюць супярэчлівы характар. "У святле абвастрэння адносін паміж двума ключавымі партнёрамі нашай краіны - Расіяй і Украінай - відавочна, давядзецца пад новым вуглом паглядзець на рэалізацыю Дагавора аб зоне свабоднага гандлю", - лічыць міністр.

Паводле слоў Уладзіміра Макея, змяненне ўспрымання Беларусі па прычыне яе збалансаванай знешнепалітычнай лініі, у тым ліку па ўкраінскім пытанні, у многім абумовіла своеасаблівы прарыў на заходнім напрамку. Пашырана тэматыка ўзаемадзеяння з Еўрасаюзам. Пры гэтым Еўропа застаецца другім па значнасці рынкам збыту для беларускіх тавараў, ЕС можна лічыць і асноўнай крыніцай інвестыцый і крэдытных рэсурсаў у эканоміку Беларусі.

"Адмена большасці санкцый у адносінах да Беларусі адкрыла акно магчымасцей для развіцця поўнафарматнага дыялогу з Захадам ва ўсіх сферах узаемадзеяння - у першую чаргу, у важных для нас гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай, уключаючы доступ Беларусі да рэсурсаў міжнародных і еўрапейскіх фінансавых інстытутаў", - адзначаецца ў публікацыі.

Дадатная дынаміка намецілася цяпер і ў адносінах Беларусі з ЗША. "Вашынгтон адмовіўся ад дзеючай раней негатыўнай рэкамендацыі сваім бізнесменам і інвестарам адносна работы з нашай краінай, падтрымлівае ўступленне Беларусі ў СГА, не перашкаджае развіццю сувязей паміж рэгіёнамі", - канстатаваў міністр.

У разрэзе фарміравання паўнацэннай трэцяй апоры знешняй палітыкі Беларусь прадаўжае ўмацаванне далёкай дугі саюзнікаў і партнёраў. Апошнія гады забяспечана стабільная дынаміка палітычнага і эканамічнага дыялогу з традыцыйнымі і новымі партнёрамі ў Азіі. Найбольш актыўна развівалася супрацоўніцтва з Кітаем, В'етнамам, Індыяй, Іранам, Пакістанам, Афганістанам, Бангладэш, Інданезіяй. Адкрыліся пасольствы Беларусі ў Манголіі, Пакістане, Аўстраліі. "Уключэнне Беларусі ў новы глабальны праект - "Эканамічны пояс Шаўковага шляху" - павінна аказаць прыкметны ўплыў на павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці беларускай эканомікі, пашырэнне таварапатокаў, фарміраванне новых вытворчасцей, транспартна-лагістычных схем, стварэнне рабочых месц", - падкрэсліў Уладзімір Макей.

Акрамя таго, фарміруемыя на далёкай дузе новыя пункты апоры, дадатковыя "падушкі бяспекі" садзейнічаюць росту пазнавальнасці Беларусі ў рэгіёнах Азіі, Афрыкі, Блізкага Усходу, Лацінскай Амерыкі, што ў сваю чаргу працуе на далейшую дыверсіфікацыю экспарту і ў цэлым на павышэнне ўзроўню палітычнага ўзаемадзеяння Мінска з далёкімі партнёрамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі