Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
22 кастрычніка 2018, 17:15

Макей: Беларусь імкнецца ўмацоўваць міжнародны мір і бяспеку на аснове дыялогу і ўзаемаразумення

22 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь імкнецца паслядоўна ўмацоўваць міжнародны мір і бяспеку, садзейнічаць развіццю дружалюбных адносін паміж нацыямі на аснове дыялогу і ўзаемаразумення. Аб гэтым сёння заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей на міжнародным круглым стале "Трагедыя Мінскага гета: памяць і ўрокі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы імкнёмся паслядоўна ўмацоўваць міжнародны мір і бяспеку, садзейнічаць развіццю дружалюбных адносін паміж нацыямі на аснове дыялогу і ўзаемаразумення. Ва ўмовах росту глабальнай і рэгіянальнай напружанасці Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь выступіў з ініцыятывай аб пачатку шырокага міжнароднага дыялогу, накіраванага на спыненне канфліктаў і братазабойчых войнаў, умацаванне даверу, супрацоўніцтва і ўзаемаразумення паміж дзяржавамі рэгіёна і свету", - заявіў Уладзімір Макей.

Беларусь лічыць адным са сваіх прыярытэтаў процідзеянне распаўсюджванню чалавеканенавісніцкіх ідэалогій у свеце. "Наша краіна з'яўляецца адным з ініцыятараў рэзалюцыі Генеральнай асамблеі ААН, накіраванай супраць гераізацыі нацызму, адраджэння неанацызму і іншых сучасных форм расізму і расавай дыскрымінацыі. Мы выступаем супраць фальсіфікацыі гісторыі Другой сусветнай вайны", - падкрэсліў ён.

Паводле слоў кіраўніка знешнепалітычнага ведамства, у Беларусі пражываюць прадстаўнікі амаль 140 нацыянальнасцей і ўсе яны роўныя перад законам, маюць права на роўную абарону без усялякай дыскрымінацыі.

"Для барацьбы з распальваннем расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці рэалізуецца комплекс мер. З аднаго боку, самыя сур'ёзныя праявы такой варожасці, у тым ліку зневажанне нацыянальнай годнасці, караюцца па законе. З іншага, у Беларусі вядзецца адукацыйная работа з насельніцтвам, у школах і ўніверсітэтах, музейных, архіўных і бібліятэчных установах", - сказаў кіраўнік МЗС.

Круглы стол прысвечаны памяці ахвяр Мінскага гета, тым, хто дапамагаў выжыць яго вязням, рызыкуючы ўласным жыццём, а таксама ролі дзяржаў і міжнароднай супольнасці ў барацьбе з сучаснымі праявамі расізму, неанацызму, расавай дыскрымінацыі, антысемітызму і звязанай з імі нецярпімасцю. У рабоце круглага стала прынялі ўдзел міністр аліі і інтэграцыі Ізраіля Софа Ландвер, прадстаўнікі беларускіх дзяржаўных органаў, парламентарыі, вучоныя, госці з Ізраіля, ЗША, Вялікабрытаніі, Расіі і іншых краін, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, міжнародных арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў.

Мінскае гета - адзін з буйнейшых у Еўропе лагераў для знішчэння яўрэяў, да канца кастрычніка 1943 года нацысты забілі тут больш за 100 тыс. чалавек. У Беларусі пражываюць 79 вязняў Мінскага гета, з іх 54 у Мінску.

Акрамя жыхароў Беларусі ў Мінскае гета нацысты прывозілі грамадзян Германіі, Аўстрыі, Чэхіі, Польшчы і іншых дзяржаў. 21-23 кастрычніка 1943 года сталі апошнімі днямі існавання Мінскага гета. Большасць вязняў на той момант была знішчана.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі