Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
18 красавіка 2017, 14:50

Лебедзеў: у СНД ёсць праблемы, але ў цэлым развіццё пазітыўнае

18 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, размаўляючы сёння з журналістамі, пацвердзіў наяўнасць некаторых праблем у інтэграцыйным аб'яднанні, аднак у цэлым, на яго думку, развіццё Садружнасці паступальнае і пазітыўнае, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"З'яўляюцца праблемы ў нашым узаемадзеянні, а без гэтага, уласна кажучы, не бывае ніякіх працэсаў", - лічыць Сяргей Лебедзеў. Паводле яго слоў, часцей за ўсё праблемныя моманты звязаны з рэалізацыяй некаторых праектаў, планаў, аднак яны не з'яўляюцца дамінуючымі. "У цэлым мы ацэньваем наша развіццё як паступальнае і пазітыўнае. Так, гэтыя праблемы мы вырашаем", - запэўніў старшыня Выканкама СНД.

Сяргей Лебедзеў выказаў меркаванне, што імідж любой арганізацыі, любога інтэграцыйнага аб'яднання складваецца зыходзячы з вынікаў, якіх дабіваюцца краіны-ўдзельніцы. "Калі ў нас будзе больш пазітыўных прыкладаў ва ўзаемадзеянні, то і імідж будзе лепшы. Мы стараемся над гэтым працаваць", - сказаў ён.

У якасці прыкладу Сяргей Лебедзеў прывёў апошні эканамічны форум СНД, які прайшоў у сакавіку ў Маскве. "Гэты форум пацвердзіў, што ў нас ёсць над чым працаваць. Але ёсць і пазітыўныя вынікі - у прыватнасці, рэалізацыя Дагавора аб зоне свабоднага гандлю", - удакладніў старшыня Выканкама СНД.

"Не ўсё проста складваецца. Калі высвечваюцца тыя ці іншыя недахопы, гэта зразумела. Але трэба не засяроджваць увагу толькі на недахопах, а паказваць нараўне з гэтым і пазітыўныя моманты дзейнасці", - перакананы Сяргей Лебедзеў.

Сёння ў Мінску праходзіць чарговае пасяджэнне Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД пры статутных і іншых органах Садружнасці. Пастаянныя прадстаўнікі падвядуць вынікі пасяджэння Савета міністраў замежных спраў, што адбылося 7 красавіка ў Ташкенце, абмяркуюць дзейнасць Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД. На пасяджэнні таксама пойдзе размова аб павышэнні эфектыўнасці інфармацыйнага суправаджэння дзейнасці СНД, якое цяпер ажыццяўляецца паралельна на двух узроўнях - унутры кожнай з краін (сіламі ўласных інфармацыйных рэсурсаў) і на міждзяржаўным узроўні, дзе задзейнічаны органы СНД і існуючыя міждзяржаўныя арганізацыі (кампаніі). Пастаянныя паўнамоцныя прадстаўнікі намецяць крокі па папулярызацыі дзейнасці арганізацыі, умацаванні яе пазітыўнага іміджу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі