Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
12 красавіка 2019, 17:42

Лаўроў: Беларусь і Расія з'яўляюцца аднадумцамі на міжнароднай арэне

12 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Беларусь і Расія з'яўляюцца аднадумцамі на міжнароднай арэне. Аб гэтым заявіў кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў сёння ў Маскве на ўстаноўчай канферэнцыі Асацыяцыі знешнепалітычных даследаванняў імя А.А. Грамыкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Бягучы год праходзіць пад знакам 20-годдзя стварэння Саюзнай дзяржавы, - нагадаў Сяргей Лаўроў. - Асабліва важна, што за мінулы час удалося наладзіць эфектыўную двухбаковую знешнепалітычную каардынацыю. Сёння Масква і Мінск - саюзнікі і аднадумцы на міжнародай арэне, паслядоўныя прыхільнікі далейшага развіцця еўразійскай інтэграцыі, фарміравання ў Еўраатлантыцы архітэктуры роўнай і непадзельнай бяспекі". Ён выказаў упэўненасць, што сумесныя намаганні дзвюх краін адпавядаюць карэнным інтарэсам брацкіх народаў, задачам падтрымання рэгіянальнай стабільнасці.

Кіраўнік МЗС Расіі таксама вітаў энергічны ўдзел беларускага боку ў рабоце ўстаноўчай канферэнцыі Асацыяцыі знешнепалітычных даследаванняў. "У мяне няма сумненняў, што асацыяцыя будзе ўносіць карысны ўклад у экспертна-аналітычнае суправаджэнне інтэграцыйных працэсаў па лініі Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага эканамічнага саюза, іншых аб'яднанняў на постсавецкай прасторы", - выказаў упэўненасць Сяргей Лаўроў.

Ва ўстаноўчай канферэнцыі прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рахманаў, кіраўнікі акадэмічных інстытутаў, рэктары ВНУ, вядучыя вучоныя і эксперты з Беларусі і Расіі.

Ініцыятыва па стварэнні асацыяцыі прымеркавана да 110-годдзя з дня нараджэння Андрэя Грамыкі - ураджэнца Беларусі, які на працягу 28 гадоў узначальваў МЗС СССР і ўнёс значны ўклад у фарміраванне пасляваеннай сістэмы міжнародных адносін. На ўстаноўчай канферэнцыі была таксама абмеркавана падрыхтоўка да правядзення асацыяцыяй першай экспертнай сесіі высокага ўзроўню ў ліпені ў Санкт-Пецярбургу на VI Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі