Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
12 снежня 2017, 13:35

Кіраўніцтва ЦЕІ высока ацаніла старшынства Беларусі ў арганізацыі ў 2017 годзе

12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўніцтва Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы высока ацаніла старшынства Беларусі ў арганізацыі ў 2017 годзе. Аб гэтым заявіла сёння намеснік генеральнага сакратара ЦЕІ Маргот Клестыль-Лёфлер у час сустрэчы кіраўнікоў урадаў краін ініцыятывы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ваша старшынства ў ЦЕІ ўнесла вялікі ўклад у паляпшэнне збалансаванага падыходу (у дзейнасці арганізацыі. - Заўвага БЕЛТА). Мы ўдзячны Андрэю Кабякову і Уладзіміру Макею за плённае супрацоўніцтва і тую падтрымку, якую яны аказвалі нам у час старшынства Беларусі ў ЦЕІ", - падкрэсліла Маргот Клестыль-Лёфлер.

Яна адзначыла, што на працягу бягучага года прайшоў шэраг дыскусій на тэмы, якія цікавяць абсалютна ўсе краіны і з'яўляюцца актуальнымі ў рэгіёне ЦЕІ. "Гэта дало нам магчымасць выпрацаваць прыярытэты, якія мы павінны паставіць на будучае. Цяпер перад намі стаяць вельмі сур'ёзныя праблемы - гэта і змяненне клімату, і кібертэрарызм, і нелегальная міграцыя. Мы разумеем, што трэба паставіць стратэгічныя мэты, якія дапамогуць нам вырашаць такія праблемы", - растлумачыла намеснік генеральнага сакратара.

Маргот Клестыль-Лёфлер паведаміла, што падрыхтаваны план дзеянняў ЦЕІ на 2018-2020 гады з улікам тых прапаноў, якія былі выказаны краінамі-ўдзельніцамі. "Гэта надасць новую дынаміку нашай дзейнасці. На наступныя тры гады мы падрыхтуем дарожную карту і будзем удзячны ўсім краінам за актыўны ўдзел у гэтай рабоце", - сказала яна.

Таксама намеснік генеральнага сакратара звярнула ўвагу, што плануецца ўзмацніць ролю старшынства краін ЦЕІ. "Гэта неабходна ў тым ліку для таго, каб палепшыць тыя ініцыятывы, якія прапануюцца ў рамках ЦЕІ. Акрамя таго, мы будзем выкарыстоўваць падыход, арыентаваны на праекты", - растлумачыла яна. Паводле слоў Маргот Клестыль-Лёфлер, плануецца павялічыць фінансаванне праектаў у рамках ЦЕІ.

"Мы чакаем плённага супрацоўніцтва з Харватыяй, якая будзе старшынстваваць у ЦЕІ ў 2018 годзе. І спадзяёмся, што яна будзе выкарыстоўваць пераемнасць і таксама актыўна ўносіць уклад ва ўмацаванне нашай арганізацыі", - канстатавала яна.

Асноўная тэма сённяшняй сустрэчы ў Мінску - усё большая роля краін ЦЕІ ў пашырэнні сумяшчальнасці і ўзаемадапаўняльнасці розных інтэграцыйных працэсаў у Вялікай Еўропе, уключаючы аб'яднанне намаганняў у процістаянні новым пагрозам стабільнасці ў рэгіёне і ўмацаванні прагматычнага эканамічнага супрацоўніцтва паміж рознымі інтэграцыйнымі фарматамі.

Беларусь у час старшынства ў ЦЕІ правяла шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку сустрэчу міністраў замежных спраў краін - членаў арганізацыі, міністэрскую канферэнцыю па навуцы і тэхналогіях, сесію Парламенцкай асамблеі ЦЕІ, міністэрскую канферэнцыю па тэматыцы ўзаемасувязей і сумяшчальнасці ў рэгіёне ЦЕІ ў прывязцы да новага Шаўковага шляху, пасяджэнні камітэта нацыянальных каардынатараў і рабочай групы па кіраванні арганізацыяй.

Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва створана ў 1989 годзе як арганізацыя, прызначаная садзейнічаць развіццю ўстойлівых сувязей паміж дзяржавамі Цэнтральнай, Заходняй і Усходняй Еўропы ў галіне палітыкі, эканомікі і культуры, а таксама для недапушчэння ўтварэння новых раздзяляльных ліній у Еўрапейскім рэгіёне. Сёння ЦЕІ налічвае 18 краін-членаў: Аўстрыя, Албанія, Беларусь, Балгарыя, Боснія і Герцагавіна, Венгрыя, Італія, Македонія, Малдова, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія, Украіна, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія. Беларусь стала членам ЦЕІ ў чэрвені 1996 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі