Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
12 снежня 2017, 15:28

Кандыдаты ў дэпутаты на мясцовых выбарах будуць абавязаны прадставіць дэкларацыі аб даходах за 2016 год

12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кандыдаты ў дэпутаты на выбарах у мясцовыя Саветы 28-га склікання абавязаны будуць прадставіць дэкларацыі аб даходах за 2016 год. Размова аб гэтым ішла сёння на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначалася, у Цэнтральную камісію часта паступаюць звароты, звязаныя з растлумачэннем правіл дэкларавання даходаў і маёмасці асобамі, якія збіраюцца вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты абласных, Мінскага гарадскога, раённых і гарадскіх, гарадоў абласнога падпарадкавання Саветаў. Менавіта гэта катэгорыя кандыдатаў абавязана ў адпаведнасці з заканадаўствам дэклараваць свае даходы і маёмасць пры вылучэнні на выбарную пасаду.

У праекце пастановы, якая прынята сёння на пасяджэнні ЦВК, змешчана палажэнне аб тым, што кандыдаты павінны дэклараваць свае даходы за 2016 год, а не за 2017-ы. Гэта абумоўлена некалькімі прычынамі. Па-першае, тым, што перыяд вылучэння на мясцовых выбарах пачаўся ў снежні 2017 года і заканчваецца 8 студзеня 2018 года. У сувязі з гэтым Цэнтрвыбаркам лічыць няправільным, каб адны кандыдаты прадстаўлялі дэкларацыю за 2016 год, а другія дэкларавалі свае даходы за 2017-ы. У Выбарчым кодэксе Беларусі замацаваны прынцып роўнасці ўсіх удзельнікаў выбарчага працэсу, у тым ліку - кандыдатаў у дэпутаты, адзначалася на пасяджэнні.

Яшчэ адзін аргумент на карысць дэкларавання даходаў за 2016 год у тым, што многія грамадзяне атрымліваюць зарплату за снежань месяц у студзені. Акрамя таго, па выніках года работнікі могуць атрымліваць узнагароджанне, якое выплачваецца таксама пасля 1 студзеня. Гэта значыць на момант прадстаўлення дэкларацыі яны могуць не бачыць гэтых сродкаў, але пры праверцы падатковымі органамі гэта розніца будзе бачная і можа мець негатыўныя наступствы для прэтэндэнта на дэпутацкую пасаду.

На пасяджэнні ЦВК сёння прынята пастанова, якая датычыцца фарміравання кандыдатамі ўласных выбарчых фондаў. Яны могуць быць утвораны ў наступных памерах: кандыдаты ў дэпутаты абласных, Мінскага гарадскога Саветаў - да 30 базавых велічынь (Br690); кандыдаты ў дэпутаты іншых Саветаў - да 10 базавых велічынь (Br230). Фонд можа фарміравацца за кошт уласных сродкаў кандыдата, за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян Беларусі і Расіі (калі яны пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі). Пры гэтым памер ахвяравання грамадзяніна не можа перавышаць 2 БВ (Br46). Яшчэ адна крыніца паступлення - добраахвотныя ахвяраванні юрыдычных асоб (не можа перавышаць 5 БВ, што складае Br115).

Для фарміравання ўласнага выбарчага фонду кандыдат мае права адкрыць у падраздзяленні Беларусбанка толькі адзін спецыяльны рахунак.

Мясцовыя выбары пройдуць у Беларусі 18 лютага, будзе размеркавана ў агульнай колькасці крыху больш за 18 тыс. мандатаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі