Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
28 верасня 2016, 12:45

Кабякоў: СНД з'яўляецца значным, запатрабаваным і актуальным міждзяржаўным аб'яднаннем

28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Садружнасць Незалежных Дзяржаў з'яўляецца значным, запатрабаваным і актуальным міждзяржаўным аб'яднаннем, заявіў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на адкрыцці Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "25 гадоў Садружнасці Незалежных Дзяржаў: вынікі, перспектывы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Пазіцыя Беларусі заўсёды была паслядоўнай і адкрытай: СНД з'яўляецца значным, запатрабаваным і актуальным міждзяржаўным аб'яднаннем, якое дае магчымасць яго ўдзельнікам вырашаць увесь спектр надзённых пытанняў міжрэгіянальнага супрацоўніцтва", - адзначыў Андрэй Кабякоў. Паводле яго слоў, менавіта гэты пасыл Беларусь прапануе закладваць у аснову работы па далейшым удасканаленні функцыянавання СНД. "Упэўнены, што ў ходзе канферэнцыі прагучыць нямала канструктыўных прапаноў, накіраваных на павышэнне ролі Садружнасці і яе адаптацыі сучасным рэаліям", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Кіраўнік урада нагадаў, што праз месяц Мінск зноў стане сталіцай інтэграцыйных падзей - пройдзе пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў. "Хачу запэўніць, што мы з усёй адказнасцю рыхтуемся да гэтага мерапрыемства, каб яно прайшло на самым высокім узроўні і пацвердзіла запатрабаванасць нашага супрацоўніцтва, - сказаў Андрэй Кабякоў. - Ужо цяпер мы гаворым аб насычаным парадку дня маючага адбыцца саміту - ад прагнозу вытворчасці і спажывання энергарэсурсаў да пабудовы інфармацыйнага грамадства і развіцця рынку інтэлектуальнай уласнасці. Запланавана падпісанне адпаведных пагадненняў".

Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што ў юбілейны год СНД не спыняецца ў развіцці. "Сёння мы вядзём размову аб удасканаленні арганізацыйнай структуры СНД, яе адаптацыі сучасным умовам", - канстатаваў ён.

Сёння ў Мінску адкрылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "25 гадоў Садружнасці Незалежных Дзяржаў: вынікі, перспектывы". У форуме прымаюць удзел больш як 200 прадстаўнікоў усіх краін Садружнасці: супрацоўнікі дзяржаўных органаў, дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Беларусі, паслы і пастаянныя прадстаўнікі краін СНД, прадстаўнікі органаў СНД і базавых арганізацый краін СНД, члены Камісіі па эканамічных пытаннях пры эканамічным савеце СНД, кіраўнікі буйнейшых навуковых і навучальных устаноў, вядучыя вучоныя і спецыялісты, дзеячы культуры, каб падвесці вынікі 25-годдзя Садружнасці Незалежных Дзяржаў і выпрацаваць канкрэтныя рэкамендацыі па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці Садружнасці на перспектыву.

У рамках канферэнцыі прадугледжаны 4 секцыі: "Эканамічнае ўзаемадзеянне і ўдасканаленне заканадаўчай базы дзяржаў - удзельніц СНД"; "Навука і інавацыйнае супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД"; "Узаемадзеянне дзяржаў - удзельніц СНД у сферы культуры, турызму, спорту і маладзёжнай палітыкі" і "Узаемадзеянне дзяржаў - удзельніц СНД у сферы бяспекі, барацьбы са злачыннасцю і тэрарызмам". У час канферэнцыі пройдзе пасяджэнне Савета Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН), пасяджэнне Кансультатыўнага савета МААН па пытаннях аховы інтэлектуальнай уласнасці і перадачы тэхналогій. Вядучыя вучоныя і спецыялісты абмяркуюць навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва ў галіне выкарыстання космасу, а таксама перспектыўныя напрамкі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі