Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
08 снежня 2017, 10:13

Ярмошына канстатуе ўсё большую актыўнасць палітычных партый на першых этапах мясцовых выбараў

8 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына ў відэазвароце, размешчаным на сайце ЦВК, адзначыла ўсё большую актыўнасць палітычных партый на першых этапах выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў - 2018, паведамляе БЕЛТА.

Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, 4 снежня завяршыўся важны этап гэтай кампаніі - утвораны акруговыя выбаркамы па выбарах дэпутатаў абласных Саветаў, а таксама дзевяць раённых камісій горада Мінска па выбарах дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета. "Гэтыя органы будуць працаваць непасрэдна з кандыдатамі ў дэпутаты і ўжо прымаюць заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Таму тыя патэнцыяльныя кандыдаты, якія жадаюць вылучыцца шляхам збору подпісаў, могуць падаваць заяву аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы", - заўважыла яна.

У заяве павінен змяшчацца спіс членаў ініцыятыўнай групы. Мінімальная колькасць - тры чалавекі, максімальная - дзесяць. Пры гэтым члены групы могуць не пражываць на тэрыторыі той выбарчай акругі, дзе будуць збірацца подпісы, галоўнае - каб выбаршчыкі, якія будуць ставіць гэтыя подпісы, пражывалі на тэрыторыі той акругі, дзе вылучаецца кандыдат.

Лідзія Ярмошына таксама праінфармавала аб тым, хто ўвайшоў у склад акруговых, Мінскіх раённых выбаркамаў. "У нас вырасла колькасць тых, каго намініравалі на гэтыя пасады грамадскія аб'яднанні і палітычныя партыі. Так, колькасць партыйных вылучэнцаў у складзе акруговых, раённых выбарчых камісій павялічылася на 2 працэнты. А ад прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў у цэлым - на 8 працэнтаў. Пры гэтым зменшылася колькасць тых, хто вылучаўся ад працоўных калектываў альбо шляхам збору подпісаў грамадзян", - канстатавала яна.

Старшыня ЦВК звярнула ўвагу на асаблівую актыўнасць асобных партый. "У склад выбарчых камісій увайшлі прадстаўнікі не толькі партый, якія прытрымліваюцца прадзяржаўнай палітыкі, але і партыі, якія адносяць сябе да катэгорыі апазіцыйных", - заўважыла Лідзія Ярмошына. Напрыклад, колькасць прадстаўнікоў партыі "Справядлівы свет" павялічылася ў акруговых камісіях у параўнанні з папярэднімі мясцовымі выбарамі амаль у тры разы. У два з лішнім разы вырасла колькасць прадстаўнікоў Партыі БНФ. Актыўна працуе Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, у яе таксама павялічылася колькасць прадстаўнікоў амаль у два разы. Значна ўзмацніла свае пазіцыі Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды. "Усё гэта сведчыць аб тым, што ў нас актыўна фарміруецца грамадзянская супольнасць", - лічыць кіраўнік Цэнтрвыбаркама.

Што датычыцца грамадскіх аб'яднанняў, найбольш актыўна сябе праяўляюць Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, РГА "Белая Русь" і Беларускі саюз жанчын.

"Такім чынам, мы бачым: тыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, якія жадаюць працаваць на гэтыя выбары, актыўна прымаюць удзел у цяперашняй выбарчай кампаніі і, зразумела, будуць таксама ўплываць на ход выбараў", - рэзюмавала Лідзія Ярмошына.

Мясцовыя выбары пройдуць у Беларусі 18 лютага, будзе размеркавана наогул крыху больш за 18 тыс. мандатаў. Тэрміны вылучэння кандыдатаў - з 10 снежня 2017 года па 8 студзеня 2018 года ўключна. Перыяд перадвыбарнай агітацыі прадоўжыцца аж да 18 лютага.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі