Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
16 ліпеня 2018, 10:44

Францыя заўсёды была і застаецца важным партнёрам Беларусі ў Еўропе і ў свеце - Краўчанка

16 ліпеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Францыя заўсёды была і застаецца вельмі важным партнёрам Беларусі ў еўрапейскім рэгіёне і ў свеце. Аб гэтым заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка 13 ліпеня на мерапрыемстве, прысвечаным нацыянальнаму святу Французскай Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Намеснік міністра адзначыў, што Беларусь і Францыя маюць шматвяковую базу двухбаковых адносін, нягледзячы на тое, што гісторыя кантактаў у якасці суверэнных дзяржаў налічвае крыху больш за чвэрць стагоддзя. Францыя заўсёды прысутнічала ў Беларусі культурна і цывілізацыйна, і беларускі бок у сваю чаргу ўнёс важны ўклад у культурны росквіт Францыі праз такія імёны, як Шагал, Суцін, Любіч, Бакст і іншыя.

"У студзені бягучага года мы адзначылі 26-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Францыяй. За гэты перыяд было нямала самых розных, часам няпростых момантаў, але дыялог паміж нашымі краінамі ніколі не перапыняўся, сказаў Алег Краўчанка. - Сёння мы ганарымся тым, што нашы двухбаковыя адносіны дасягнулі той ступені даверу, якая дае магчымасць весці адкрыты дыялог па ўсіх тэмах, нават самых складаных. Мы змаглі наладзіць цвёрдыя палітычныя і эканамічныя сувязі. Развіваецца дыялог паміж міністэрствамі замежных спраў, а таксама міжпарламенцкі. Дзейнічае сумесная міжурадавая эканамічная камісія, чарговае пасяджэнне якой запланавана на кастрычнік. Бізнесмены дзвюх краін актыўна ўзаемадзейнічаюць у час візітаў дзелавых колаў або сумесных форумаў".

Намеснік міністра выказаў упэўненасць, што патэнцыял беларуска-французскага ўзаемадзеяння далёка не вычарпаны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі