Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
30 студзеня 2018, 13:01

Еўракамісар Хан: пераадоленне знешніх і ўнутраных выклікаў робіць ЕС больш моцным і ўстойлівым

30 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Пераадоленне знешніх і ўнутраных выклікаў робіць ЕС больш моцным і ўстойлівым. Такое меркаванне сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам выказаў Еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханес Хан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я ўдзячны за вашы словы і за ваша бачанне Еўропы. Вымушаны прызнаць, што ЕС апошнія некалькі гадоў сутыкнуўся з шэрагам выклікаў. Але ў такой структуры, якая складаецца з 28 краін-членаў, заўсёды ёсць нейкія праблемы. Часам яны выкліканы ўнутранымі працэсамі, часам іх выклікаюць знешнія падзеі. Вядома, на нас сур'ёзна паўплываў міжнародны фінансава-эканамічны крызіс. Але гэтак жа сур'ёзна на нас паўплывала хваля міграцыі. Звыш таго, нам даводзіцца займацца "брэксітам" (выхад Вялікабрытаніі з ЕС. - Заўвага БЕЛТА). Але, напэўна, гэта адна з якасцей структуры, якая грунтуецца на моцным фундаменце, - ЕС з усіх такіх сітуацый выходзіць больш моцным і ўстойлівым", - сказаў Ёханес Хан.

Паводле яго слоў, усе розныя падзеі прывялі да ўмацавання інтэграцыі ўнутры ЕС і мабілізавалі падтрымку насельніцтва адносна саюза. "Асабліва гэта слушна ў кантэксце "брэксіту". І той факт, наколькі мы адзіныя на перагаворах з Вялікабрытаніяй, наколькі мы гаворым адным голасам, пацвярджае, што нават гэтыя падзеі ўмацоўваюць наша ўнутранае адзінства", - падкрэсліў Еўракамісар.

Ён адзначыў, што літаральна гэтымі днямі наведваў Сусветны эканамічны форум у Давосе, дзе канстатаваў змяненне рыторыкі адносна Еўрасаюза: "Два гады таму ўсе крытыкавалі Еўропу і гаварылі, што, напэўна, Еўропа падышла да свайго канца. У мінулым годзе ва ўсіх на вуснах была тэма проста папулізму ў Еўропе. А ў гэтым годзе ўжо ўсе гавораць аб тым, як Еўропа паспяхова спраўляецца з праблемамі".

Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы падкрэсліў, што Беларусь выступае за захаванне моцнага Еўрасаюза, які з'яўляецца адной з галоўных апор шматпалярнага свету.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі