Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
21 лістапада 2017, 13:59

Дэлегацыю Беларусі на саміце "Усходняга партнёрства" ў Бруселі ўзначаліць Макей

21 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Дэлегацыю Беларусі на саміце "Усходняга партнёрства" ў Бруселі 24 лістапада ўзначаліць міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Аб гэтым, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, заявіў намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі МЗС Беларусі Андрэй Шупляк.

Прадстаўнік МЗС адзначыў, што беларускім бокам з удзячнасцю ўспрынята запрашэнне наведаць саміт на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, што адлюстроўвае прагрэс у адносінах Беларусі з ЕС і пераход, пасля доўгага перыяду рознагалоссяў, у новы стан узаемадзеяння з ЕС як вельмі важным суседам, партнёрам па вырашэнні пытанняў міжнароднай бяспекі ў Еўрапейскім рэгіёне і па пашырэнні гандлёвага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння краін ЕС з Беларуссю. "У дыпламатычнай практыцы візіт на вышэйшым узроўні, як правіла, з'яўляецца кульмінацыяй узаемных намаганняў бакоў па развіцці супрацоўніцтва, знамянуючы сабой дасягненне глыбокіх сістэмных вынікаў, важных для асноў двухбаковага ўзаемадзеяння паміж адпаведнымі суб'ектамі міжнародных адносін. Мінск і Брусель пры актыўным удзеле сталіц краін - членаў ЕС сумесна працуюць над развіццём раўнапраўных узаемавыгадных адносін, абмяркоўваючы ўвесь спектр пытанняў узаемадзеяння ў рамках Каардынацыйнай групы Беларусь-ЕС, галіновага дыялогу ў сферы гандлю, беларуска-еўрапейскага дыялогу па правах чалавека і прадаўжаючы ўзгадненне Прыярытэтаў партнёрства", - сказаў ён.

"Беларускі бок зацікаўлены ва ўстараненні ўсіх абмежаванняў ЕС наконт магчымасцей узаемадзеяння з Беларуссю, якія азмрочваюць нашы адносіны. У парадку дня беларуска-еўрапейскіх адносін павінны з'явіцца перагаворы, што вядуць да заключэння базавага пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве. Беларусь зацікаўлена ў прадаўжэнні ўдзелу ва "Усходнім партнёрстве" ЕС, якое павінна стаць відавочна карысным для грамадзян Беларусі і ЕС, аблегчыўшы ўмовы вядзення бізнесу, кантакты паміж людзьмі, сувязі ў розных сферах, павысіўшы ўзровень аб'ектыўных ведаў адзін аб адным", - падкрэсліў Андрэй Шупляк.

Паводле яго слоў, цяпер "Усходняе партнёрства" ЕС у большай ступені з'яўляецца фарматам супрацоўніцтва, у якім краіны-партнёры дабіваюцца прызнання еўрапейскай перспектывы. "Беларусь не ставіць перад сабой такой мэты, аднак выступае за захаванне і развіццё "Усходняга партнёрства" ЕС як інструмента развіцця непалітызаванага ўзаемадзеяння, накіраванага не супраць каго-небудзь, а на вырашэнне агульных праблем і пытанняў, якія стаяць перад народамі і дзяржавамі нашага рэгіёна, - адзначыў прадстаўнік МЗС. - Беларусь, з'яўляючыся месцам правядзення пасяджэнняў трохбаковай кантактнай групы, вылучыўшы ініцыятывы аб спалучэнні еўрапейскага і еўразійскага эканамічных інтэграцыйных працэсаў, аб пачатку шырокага дыялогу аб пераадоленні існуючых супярэчнасцей ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі на нашай агульнай прасторы - у Еўра-Атлантыцы і Еўразіі - бачыла б саміт "Усходняга партнёрства" ЕС як максімальна дэпалітызаванае мерапрыемства, якое ўносіць тым самым уклад ва ўстараненне фактараў раз'яднанасці ў вялікай Еўропе".

"Менавіта гэтыя мэты - далейшае развіццё адносін паміж Беларуссю і ЕС, прагматычнае ўмацаванне "Усходняга партнёрства" ЕС і прыняцце мер, якія не паглыбляюць супярэчнасці, а садзейнічаюць разрадцы напружанасці ў нашым агульным рэгіёне, - з'яўляюцца асновай нашай пазіцыі да саміту "Усходняга партнёрства", - рэзюмаваў Андрэй Шупляк.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі