Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
25 студзеня 2018, 14:32

Дапкюнас прыме ўдзел у сесіі камісіі сацразвіцця ААН у Нью-Ёрку

25 студзеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас 29 студзеня - 1 лютага будзе знаходзіцца ў Нью-Ёрку для ўдзелу ў 56-й сесіі Камісіі сацыяльнага развіцця ААН. Аб гэтым паведаміў сёння на брыфінгу начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Тэма сесіі "Стратэгія выкаранення беднасці для забеспячэння ўстойлівага развіцця ў інтарэсах усіх людзей". Беларусь была выбрана ў склад Камісіі сацыяльнага развіцця ААН на перыяд 2018-2020 гады. У якасці члена камісіі Беларусь мае намер надаваць асаблівую ўвагу тэме дасягнення мэт устойлівага развіцця ў кантэксце пераадолення беднасці, падтрымкі правоў інвалідаў і моладзі.

"Мы таксама будзем актыўна прыцягваць патэнцыял гэтага аўтарытэтнага органа ААН для падтрымання беларускай ініцыятывы аб абароне сям'і і традыцыйных сямейных каштоўнасцей. Гэтыя пытанні знойдуць адлюстраванне ў выступленні Андрэя Дапкюнаса на адкрыцці сесіі Камісіі, - падкрэсліў Дзмітрый Мірончык. - Намеснік міністра таксама прыме ўдзел у тэматычным пасяджэнні групы краін - аднадумцаў па падтрымцы дзяржаў з сярэднім узроўнем даходу. На ім будзе абмяркоўвацца рэалізацыя "дарожнай карты" групы і падрыхтоўка пасяджэння высокага ўзроўню Генеральнай асамблеі ААН па тэматыцы краін з сярэднім узроўнем даходу, якое намечана правесці ў 2018 годзе".

Як плануецца, Андрэй Дапкюнас абмяркуе ў ААН некаторыя арганізацыйныя пытанні падрыхтоўкі да правядзення ў Беларусі ў 2018 годзе важных міжнародных мерапрыемстваў, у тым ліку па тэматыцы процідзеяння тэрарызму і ўмацавання рэгіянальнага супрацоўніцтва па дасягненні мэт устойлівага развіцця.

Акрамя таго, прапрацоўваецца сустрэча Андрэя Дапкюнаса з кіраўніцтвам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, а таксама дэлегацыямі краін-удзельніц для пашырэння кола аднадумцаў Беларусі ў Арганізацыі і развіцця ўзаемадзеяння па двухбаковай лініі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі