Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
10 чэрвеня 2019, 13:22

Дапкюнас: Беларусь хацела б бачыць у Палесціне перспектыўнага партнёра для сумесных праектаў

10 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь хацела б бачыць у Палесціне перспектыўнага партнёра для рэалізацыі сумесных праектаў, заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас у час сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Палесціны ў Беларусі Халедам Арыкатам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.

У час сустрэчы абмеркавалі актуальную сітуацыю на Блізкім Усходзе, праблемы развіцця палесцінскіх тэрыторый, шэраг міжнародных пытанняў. Дыпламаты адзначылі сугучнасць знешнепалітычных падыходаў бакоў і паслядоўную прыхільнасць Беларусі і Палесціны да асноўных прынцыпаў міжнароднага права.

Асаблівую ўвагу ўдзялілі абмеркаванню магчымасцей пашырэння гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва як трывалага фундаменту для ўмацавання двухбаковых адносін. У час гутаркі быў адзначаны патэнцыял для істотнага нарошчвання ўзаемнага гандлю таварамі і паслугамі, у тым ліку ў галіне медыцыны.

Намеснік міністра і пасол сышліся на думцы, што добры імпульс развіццю эканамічных сувязей маглі б надаць узаемныя візіты дзелавых колаў, а таксама актывізацыя супрацоўніцтва паміж гандлёва-прамысловымі палатамі і профільнымі міністэрствамі Беларусі і Палесціны.

Бакі пацвердзілі намер умацоўваць канструктыўнае беларуска-палесцінскае ўзаемадзеянне як у двухбаковым кантэксце, так і ў міжнародных арганізацыях, перш за ўсё ў ААН. Андрэй Дапкюнас і Халед Арыкат абмеркавалі магчымасці ўдасканалення каардынацыі дзеянняў Беларусі па шырокім коле пытанняў эканомікі і развіцця з "Групай 77 і Кітай", у якой Палесціна старшынствуе, а таксама актывізацыі ўзаемадзеяння Беларусі з Арганізацыяй ісламскага супрацоўніцтва.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі