Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
21 верасня 2017, 12:43

Чачэнская дэлегацыя на чале з Кадыравым прыедзе ў Мінск

21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэлегацыя Чачэнскай Рэспублікі на чале з Рамзанам Кадыравым наведае Беларусь 25 верасня. Аб гэтым паведаміў сёння на брыфінгу начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У час запланаваных сустрэч з кіраўніцтвам нашай краіны будуць прадметна абмеркаваны актуальныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння, а таксама шэраг перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва", - праінфармаваў Дзмітрый Мірончык.

У прыватнасці, размова пойдзе аб паглыбленні прамысловай кааперацыі, пастаўках у Чачэнскую Рэспубліку грузавой, сельскагаспадарчай і пасажырскай тэхнікі, прадуктаў харчавання і сельскагаспадарчай прадукцыі беларускай вытворчасці. Абмеркавана будзе і прыцягненне беларускіх спецыялістаў да праектавання і будаўніцтва аб'ектаў у Чачэнскай Рэспубліцы, нарошчванне экспарту будаўнічых матэрыялаў.

Аб гатоўнасці прыехаць у Беларусь для абмеркавання перспектыў развіцця супрацоўніцтва кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў яшчэ ў лістападзе мінулага года ў адказ на запрашэнне беларускага лідара Аляксандра Лукашэнкі, якое прагучала 17 лістапада ў час размовы з расійскімі журналістамі.

"Паважаны Аляксандр Рыгоравіч! Вельмі крануты Вашымі добрымі словамі ў адрас Чачэнскай Рэспублікі і чачэнскага народа! Яны былі выказаны ў ходзе прэс-канферэнцыі, праведзенай у чацвер у Мінску. Лічу сваім абавязкам запэўніць, што з такой жа павагай мы адносімся да Вас асабіста, да Рэспублікі Беларусь і да беларускага народа! Адназначна, прымаю Вашу крытыку, як ад мудрага, вопытнага палітыка, лідара дружалюбнай Расіі дзяржавы і братэрскага народа! Палічу для сябе за гонар прыехаць у Мінск і сустрэцца ў любы зручны для Вас час", - напісаў тады Рамзан Кадыраў у сваім Instagram. Ён таксама запрасіў Прэзідэнта Беларусі наведаць Чачэнскую Рэспубліку.

Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне чачэнскага журналіста аб стварэнні з удзелам Беларусі ў Чачні інвестыцыйнай пляцоўкі для развіцця эканамічнага супрацоўніцтва, заявіў, што гатовы падтрымаць такую прапанову і нагадаў, што чачэнскую дэлегацыю даўно чакаюць у Мінску. "І віна тут не мая, а Рамзана, які двойчы збіраўся сюды прыехаць. Цэлая праграма была, якую мы павінны былі вывучыць у Беларусі. Але нейкія, напэўна, абставіны гэтаму перашкодзілі. Лічу, у бліжэйшы час мы сустрэнемся, і чачэнская дэлегацыя, як і дэлегацыі іншых рэгіёнаў, папрацаваўшы ў Беларусі, знойдзе для сябе нешта цікавае. Мы гатовы рухацца ў вашу рэспубліку. Вашы магчымасці мы гатовы таксама вывучыць", - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што беларуска-чачэнскае супрацоўніцтва пара актывізаваць. "Пара нам ужо неяк наладзіць нашы адносіны, каб мы пабылі ў Чачні, паглядзелі, што патрэбна чачэнскаму народу. Каб вы пабылі ў нас. І трэба пачынаць гэты працэс. Мы чакаем вас. Трэба рабіць першыя крокі. Мы не лічым вас чужымі людзьмі", - канстатаваў Прэзідэнт Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі