Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
12 студзеня 2018, 14:17

Безальтэрнатыўных акруг па выніках вылучэння на мясцовых выбарах няма па Мінску і Магілёўскай вобласці

12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Безальтэрнатыўных выбарчых акруг па выніках вылучэння на мясцовых выбарах няма па горадзе Мінску і Магілёўскай вобласці, паведаміла сёння журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы пакуль не ведаем цалкам па краіне колькасці безальтэрнатыўных акруг. На жаль, у нас ёсць безальтэрнатыўныя акругі нават у абласныя Саветы. Няма ніводнай безальтэрнатыўнай акругі толькі ў горадзе Мінску і ў Магілёўскай вобласці", - расказала Лідзія Ярмошына. Прычым па Мінску на адну акругу ў сярэднім прэтэндуюць больш за шэсць чалавек. Самы вялікі конкурс у Каменнагорскай выбарчай акрузе нумар 35 (Фрунзенскі раён Мінска) - 10 чалавек на месца, канстатавала старшыня ЦВК.

Што датычыцца абласных Саветаў, у сярэднім па краіне конкурс складае 2,4 чалавека на месца.

У агульнай колькасці на мясцовых выбарах вылучана 22 тыс. 719 чалавек. "Хоць дакументаў паступіла значна больш, таму што многія вылучаліся некалькімі спосабамі", - растлумачыла старшыня ЦВК. Яна звярнула ўвагу, што ў параўнанні з 2014 годам у абсалютных лічбах вылучэнцаў крыху менш (было 22 тыс. 784), аднак у працэнтных адносінах вылучэнне ўсё ж узрасло, паколькі на цяперашніх выбарах колькасць выбарчых акруг зменшылася больш чым на 700.

Грамадзянамі шляхам збору подпісаў вылучана 68,62 працэнта кандыдатаў, працоўнымі калектывамі вылучана 27,26 працэнта, палітычнымі партыямі вылучана ўсяго 4,12 працэнта кандыдатаў.

У тым ліку сярод вылучэнцаў 32 грамадзяніны Расіі (на 4 чалавекі больш, чым на папярэдніх мясцовых выбарах). Больш як 45 працэнтаў з тых, хто падаў дакументы ў выбаркамы, - дэпутаты дзеючага склікання.

Пры гэтым асноўны пласт вылучэнцаў (каля 30 працэнтаў) - прадстаўнікі сферы адукацыі, культуры і навукі. Прадстаўнікі сферы гандлю і бытавога абслугоўвання складаюць больш за 4 працэнты, дзяржорганаў - 11 працэнтаў, праваахоўных органаў і ваеннай службы - больш за 3 працэнты, прадпрымальнікі - крыху больш за 2 працэнты.

Мясцовыя выбары пройдуць у Беларусі 18 лютага, прагаласаваць датэрмінова можна будзе з 13 па 17 лютага. Цяпер пададзеныя на вылучэнне дакументы праходзяць праверку ў мясцовых выбаркамах, на падставе гэтага будуць прымацца рашэнні аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Гэты этап выбарчай кампаніі прадоўжыцца па 18 студзеня. Адразу пасля рэгістрацыі кандыдаты могуць пачынаць агітацыю - выступаць у СМІ, праводзіць мітынгі і пікеты, знаёміць выбаршчыкаў са сваімі праграмамі. Агітацыя прадоўжыцца па 17 лютага ўключна, у асноўны дзень выбараў яна забаронена.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі