Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
12 красавіка 2018, 10:14

Беларусь з'яўляецца для Кітая надзейным партнёрам - Дашук

12 красавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь з'яўляецца для Кітая надзейным партнёрам. Аб гэтым сказаў намеснік дырэктара Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Міхаіл Дашук 11 красавіка ў час беларуска-кітайскай бізнес-сустрэчы ў Доме дружбы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Даверныя адносіны краін, усебаковае стратэгічнае партнёрства і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва замацаваны ў сумеснай дэкларацыі Беларусі і КНР, - падкрэсліў намеснік дырэктара. - Мы надаём вялікае значэнне развіццю супрацоўніцтва, устаноўленага на самым высокім узроўні кіраўнікамі Беларусі і Кітая. Краіны ўзаемадзейнічаюць у многіх сферах, уключаючы ўзаемны гандаль, інвестыцыі, турызм, навуку, адукацыю".

Міхаіл Дашук падкрэсліў, што адметнай рысай беларускай эканомікі з'яўляецца яе адкрытасць, аб чым сведчыць той факт, што на долю экспарту прыпадае больш за 60 працэнтаў ВУП. Тэмп росту валавога ўнутранага прадукту за 2017 год склаў 102,4 працэнта да 2016 года (у 2018 годзе прагназуецца на ўзроўні 103,5 працэнта).

Важным складнікам дзейнасці ўрада па развіцці нацыянальнай эканомікі з'яўляецца ўдасканаленне бізнес-клімату. З 2006 па 2018 год Беларусь уваходзіць у пяцёрку краін-лідараў паспяховых рэформ. У міжнародным рэйтынгу Сусветнага банка "Вядзенне бізнесу" Беларусь займае 38-е месца.

Намеснік дырэктара акцэнтаваў увагу на тым, што шырока развіта крэдытнае супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем: партфель толькі заключаных крэдытных пагадненняў урадавых і гарантаваных пазык склаў больш як $5 млрд. "Ужо завершана 15 праектаў на суму $2,7 млрд", - дадаў ён. Беларусь першай у свеце падпісала мемарандум з Фондам Шаўковага шляху Кітая ў мэтах прапрацоўкі сумесных праектаў, магчымых да фінансавання за кошт прамых інвестыцый фонду. Урадам Беларусі і Экспартна-імпартным банкам Кітая заключаны мемарандум аб прасоўванні кітайскіх кампаній у Беларусі.

"Асобна хачу адзначыць, што кітайскаму бізнесу трэба разглядаць Беларусь як уваходныя вароты ў Еўразійскі эканамічны саюз. На практыцы гэта азначае магчымасць стварэння на тэрыторыі краіны вытворчых прадпрыемстваў, якія маюць бесперашкодны доступ на рынак саюза, - падкрэсліў Міхаіл Дашук. - Транспартная інфраструктура Беларусі ўбудавана ў сусветную транспартную сетку і служыць інтарэсам перавозчыкаў на напрамках Захад-Усход і Поўнач-Поўдзень, садзейнічае ўзаемасувязі буйнейшых рынкаў на кантыненце. Створаныя ў краіне ўмовы даюць магчымасць апрацоўваць таварныя патокі, якія ідуць з краін Еўропы і Азіі. Беларусь з'яўляецца адной з вузлавых платформ новага Шаўковага шляху ў Еўразійскім рэгіёне".

Міхаіл Дашук адзначыў таксама, што беспрэцэдэнтны рэжым устаноўлены ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень". Першыя 10 гадоў рэзідэнт парка вызвалены ад выплаты падатку на прыбытак, а ў далейшым да 2062 года плаціць яго па стаўцы 50 працэнтаў да дзеючай у краіне, рэзідэнты атрымалі поўнае вызваленне ад зямельнага падатку і падатку на нерухомую маёмасць, зніжаны мінімальны парог па аб'ёме інвестыцый да паўмільёна долараў ЗША пры ўмове іх укладання ў трохгадовы тэрмін. У рабоце па стварэнні нацыянальнага заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць парка, прымалі ўдзел таксама прадстаўнікі дзяржаўнага і прыватнага сектара Кітая. "На прыкладзе парка мы паказваем усяму свету, наколькі выгадна і эфектыўна сумеснае будаўніцтва", - сказаў ён.

У Беларусі ёсць розныя варыянты выбудоўвання бізнес-мадэлі для кітайскіх і беларускіх прадпрымальнікаў. Пры гэтым суправаджэнне інвестараў па прынцыпе "аднаго акна" ажыццяўляе Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі, сказаў на заканчэнне Міхаіл Дашук.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі