Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
22 кастрычніка 2018, 09:00

Беларусь разлічвае да канца года падпісаць прыярытэты партнёрства з ЕС

22 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прыярытэты партнёрства паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам могуць быць падпісаны да канца года. Аб гэтым у эфіры тэлеканала АНТ заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, паведамляе БЕЛТА.

"На жаль, нашы партнёры ў самы апошні час уключылі некаторыя пасажы, якія мы павінны дадаткова вывучыць, і цяпер ажыццяўляюцца адпаведныя ўнутрыдзяржаўныя працэдуры па разглядзе гэтага дакумента. Думаю, што мы ў бліжэйшы час выпрацуем пазіцыю па ім, і ёсць надзея, што да канца года дакумент можа быць падпісаны", - расказаў Уладзімір Макей.

Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства 15 кастрычніка прыняў удзел у сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін Еўрасаюза і "Усходняга партнёрства" ў Люксембургу. На палях мерапрыемства ён таксама правёў перагаворы з еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханесам Ханам.

"Мы гаварылі па ўсім спектры пытанняў нашага супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам, у тым ліку і аб перспектывах падпісання ў бліжэйшы час прыярытэтаў партнёрства, якія ўяўляюць сабой праграму нашага супрацоўніцтва на бліжэйшыя гады", - расказаў журналістам міністр па выніках перагавораў.

Аб выніках перагавораў у Люксембургу Уладзімір Макей праінфармаваў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Ён сустрэўся з кіраўніком дзяржавы 18 кастрычніка.

"Было даложана аб рабоце над тымі дакументамі, якія цяпер адпрацоўваем разам з Еўрасаюзам, - гэта прыярытэты партнёрства, пагадненні аб аблягчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. У цэлым ёсць істотныя зрухі па ўсіх дакументах, але, на жаль, не па нашай віне перыядычна з'яўляюцца нейкія новыя нюансы, якія патрабуюць дадатковага часу для аналізу, удакладнення або прыняцця рашэнняў", - адзначыў міністр пасля сустрэчы з Прэзідэнтам.

Беларускі бок мае намер спакойна працаваць над гэтымі дакументамі з улікам нацыянальных інтарэсаў. "Ёсць дакладная ўстаноўка кіраўніка дзяржавы адносна прадаўжэння курсу на развіццё нармальных адносін з Еўрапейскім саюзам, у першую чаргу эканамічных, палітычных і гуманітарных", - падкрэсліў дыпламат.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі