Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
19 кастрычніка 2017, 17:05

Беларусь можа прыняць больш актыўны ўдзел у планах сацыяльна-эканамічнага развіцця Кубы - пасол

19 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь можа прыняць больш актыўны ўдзел у планах сацыяльна-эканамічнага развіцця Кубы. Аб гэтым заявіў журналістам пасол Кубы Херарда Суарэс Альварэс, які завяршае сваю дыпламатычную місію ў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы зацікаўлены ва ўмацаванні і больш актыўным удзеле Беларусі ў планах сацыяльна-эканамічнага развіцця Кубы на бліжэйшыя гады", - сказаў дыпламат.

Асаблівы інтарэс для развіцця супрацоўніцтва ўяўляюць прамысловы сектар і сельская гаспадарка, дзе ў Беларусі назапашаны значны вопыт.

Ёсць цікавасць і да ўмацавання ўзаемадзеяння ў галіне біятэхналогій. "І, выкарыстоўваючы пляцоўку Беларусі, мець магчымасць прасоўвання гэтых тэхналогій таксама на рынак ЕАЭС. Думаю, што на сённяшні дзень усе магчымасці далёка не вычарпаны. І мы прадоўжым работу ў гэтым напрамку", - падкрэсліў Херарда Суарэс Альварэс.

Акрамя таго, дзейнічае беларуска-кубінская камісія па супрацоўніцтве ў сферы навукі і тэхналогій, першае пасяджэнне якой праведзена ў маі 2016 года ў Гаване. Зацверджана выканаўчая праграма беларуска-кубінскага навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва на 2016-2018 гады.

У красавіку 2017 года ў Мінску падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж міністэрствамі культуры дзвюх краін.

Пасол падкрэсліў, што адносіны паміж Беларуссю і Кубай актыўна развіваюцца ў сферы палітыкі. "Мы поўнасцю супадаем у нашых пазіцыях па палітычных аспектах, існуе вельмі актыўнае і карыснае ўзаемадзеянне ў рамках міжнародных пляцовак. Мы шчыра дзякуем за тую падтрымку, якую Беларусь заўсёды аказвала нам у рамках міжнародных арганізацый", - сказаў ён.

Кубінскі дыпламат таксама падтрымаў неабходнасць умацавання і пашырэння прысутнасці Беларусі ў краінах Лацінскай Амерыкі, у тым ліку з дапамогай Кубы.

Херарда Суарэс Альварэс нагадаў, што Беларусь мае статус краіны-наглядальніка ў Асацыяцыі карыбскіх дзяржаў, а Нацыянальны сход Беларусі з'яўляецца пастаянным наглядальнікам пры розных органах Лацінаамерыканскага парламента.

"Мы настроены на тое, каб аказваць падтрымку ў пашырэнні гэтых ініцыятыў (па развіцці супрацоўніцтва Беларуссю з краінамі рэгіёна. - Заўвага БЕЛТА), а таксама ажыццяўляць пошук альтэрнатыў, якія былі б выгадныя бакам", - заявіў дыпламат.

Гаворачы аб уражаннях ад работы паслом у Беларусі, Херарда Суарэс Альварэс падкрэсліў гасціннасць і дабрыню беларускага народа.

"На працягу чатырох гадоў знаходжання ў Беларусі я быў сведкам тых намаганняў і дасягненняў, якія мела ваша краіна. Я віншую вас з гэтым. І я перакананы, што ў Беларусі вельмі прыгожае сучаснае, і краіну чакае вельмі прыгожае будучае, - адзначыў пасол. - Пакуль яшчэ не ведаю, як у далейшым складзецца маё прафесійнае жыццё, але ўпэўнены, што дзе б я ні працаваў, заўсёды буду падтрымліваць цесныя адносіны дружбы і супрацоўніцтва, якія існуюць паміж Беларуссю і Кубай. Гады знаходжання ў Беларусі для мяне як у асабістым, так і ў прафесійным плане сталі вельмі каштоўным вопытам. Я шмат чаму ад вас навучыўся, заўсёды захапляўся гераічнай гісторыяй вашага народа".

"У першую чаргу я вязу з сабой любоў і цеплыню вашых людзей. З сабой я таксама павязу карціны з прыгожымі пейзажамі Беларусі, традыцыйнае адзенне з лёну. Мая жонка купіла сувеніры і памятныя падарункі. Уся гэта цеплыня назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах і нашым доме", - дадаў Херарда Суарэс Альварэс.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі