Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
23 мая 2018, 16:47

Беларусь мае кроўную зацікаўленасць у мірным вырашэнні канфліктаў - Макей

23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь мае кроўную зацікаўленасць у мірным вырашэнні канфліктаў. Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў сёння на адкрыцці ў Мінску міжнароднага форуму "Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы ў Беларусі маем кроўную зацікаўленасць у дыялогу, мірным вырашэнні канфліктаў. Такі падыход, такое светаадчуванне выпакутаваны ўсёй нашай гісторыяй, незлічонымі стратамі ад разнастайных войнаў, якія праходзілі па нашай тэрыторыі на працягу стагоддзяў", - сказаў Уладзімір Макей.

На яго думку, падзеі Другой сусветнай вайны з'яўляюцца адным з найбольш моцных, калі не самым моцным фактарам, які вызначае генетычную памяць беларускага народа і, можа, нават нацыянальную ідэнтычнасць.

"Праз 70 гадоў пасля завяршэння Другой сусветнай вайны нам, што называецца, і ў страшным сне не магло прысніцца, што недзе зусім побач, у непасрэдным суседстве з намі, зноў будуць весціся маштабныя баявыя дзеянні, зноў будуць гінуць мірныя людзі", - адзначыў міністр.

У Беларусі не было якіх-небудзь ваганняў, як сябе паводзіць у гэтай сітуацыі, звярнуў увагу Уладзімір Макей. "У рэшце рэшт, наша пазіцыя і абумовіла выбар Мінска як найбольш прымальнага і зручнага месца для вядзення перагавораў па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, а мінскія пагадненні да гэтага часу застаюцца адзінай рэальнай асновай урэгулявання канфлікту", - канстатаваў ён.

Уладзімір Макей дапусціў, што гэтыя дамоўленасці не заўсёды выконваюцца і не ідэальныя, але яны дазволілі спыніць у свой час маштабнае кровапраліцце.

"Тлеючыя і замарожаныя канфлікты ў нашым рэгіёне, аб якіх у тым ліку пойдзе размова і на нашай цяперашняй канферэнцыі, шмат у чым з'яўляюцца пунктам адліку, які дазваляе больш прадметна сфакусіравацца на агульных праблемах бяспекі. Вялікі парадак дня форуму з'яўляецца наглядным сведчаннем таго, што ў нашым рэгіёне сёння прама ці ўскосна праламляецца вялікая колькасць розных інтарэсаў, выклікаў, нявырашаных праблем", - сказаў кіраўнік ведамства.

Іх інтэнсіўнасць сёння вымушае заняцца знаходжаннем узаемапрымальных рашэнняў. "Бо калі нічога не рабіць, а толькі паўтараць, што вырашэнне праблемы немагчыма, то ў выніку мы толькі заганяем сітуацыю ў тупік. Наяўнасць прымальнага для ўсіх, у тым ліку для канфліктуючых бакоў, месца для сустрэч і перагавораў, дзе ў рэжыме дыялогу, нон-стоп, ішло б абмеркаванне праблем, можа стаць важным фактарам садзейнічання іх вырашэнню", - лічыць Уладзімір Макей.

Форум "Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх" праходзіць у Мінску 23-25 мая. Яго арганізатарам выступіла экспертная ініцыятыва "Мінскі дыялог".

Мерапрыемства павінна пакласці пачатак штогадоваму адкрытаму і маштабнаму дыялогу паміж вядучымі экспертамі з Усходняй Еўропы, Еўрапейскага саюза, Расіі, ЗША і Кітая. Мінск прадаставіць якасна новую пляцоўку для дыскусій аб сучаснасці і будучыні рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі.

У цяперашнім форуме прымаюць удзел 350 экспертаў і афіцыйных асоб больш як з 40 краін. Сярод спікераў - генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер, намеснік памочніка генеральнага сакратара НАТА па палітычных пытаннях і палітыцы бяспекі Джэймс Апатурай, экс-генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа, генеральны дырэктар сакратарыята Савета дзяржаў Балтыйскага мора Майра Мора, экс-старшыня Парламенцкай асамблеі АБСЕ Крысцін Мутанен.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі