Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
02 снежня 2019, 11:22

Беларусь і Сербія. Чаму развіццё палітычных адносін апярэджвае супрацоўніцтва

2 снежня, Бялград /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Паміж Беларуссю і Сербіяй расце інтарэс да развіцця супрацоўніцтва. Такое меркаванне выказаў журналістам пасол Беларусі ў Сербіі Валерый Брылёў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Валерый Брылёў лічыць, што беларуска-сербскае супрацоўніцтва можна падзяліць на некалькі этапаў: былі і перыяды ўздыму, і часовы холад у адносінах.

Калі настаў уздым у адносінах, і пры чым тут палітыка?

"Першыя візіты нашых бізнесменаў, першыя пастаўкі, сумесныя праекты - усё гэта добра развівалася да вядомых падзей 1999 года, калі краіна падпала пад даволі жорсткія бамбардзіроўкі і апынулася ў складанай сітуацыі. У той цяжкі час мы чым маглі дапамагалі сербам. У час бамбардзіровак мы пастаўлялі сюды гуманітарную дапамогу, важнейшай палітычнай падзеяй і маральнай падтрымкай для сербаў было наведванне нашым Прэзідэнтам у красавіку 1999 года Бялграда", - расказаў пасол.

У тыя дні Паўночнаатлантычны альянс, які праводзіў ваенную аперацыю супраць Югаславіі, не гарантаваў бяспекі беларускаму борту нумар адзін. Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Бялград фактычна пад гукі ўзрываў бомб. Паводле слоў дыпламата, многія сербы помняць пра той час і ўдзячны беларускаму боку за падтрымку.

"У мінулым мы ўвесь час былі ў нейкіх бедах. Таму Беларусь і Сербія добра адзін аднаго разумеюць: увесь час страты, войны. Можа, мы таму адзін да аднаго цягнемся", - дадаў Валерый Брылёў.

Чаму ў адносінах паміх Беларуссю і Сербіяй з'явіўся холад?

Прыкладна ў 2001-2012 гадах тэмпы супрацоўніцтва паміж краінамі прыкметна спалі: у Сербіі да ўлады прыйшлі іншыя людзі, якія не бачылі ў Беларусі блізкага партнёра. "Мы супрацоўнічалі палітычна, эканамічна, але не было ніякіх прарыўных праектаў. У гэты час не было візітаў, нашы прадпрыемствы практычна не супрацоўнічалі. На тое былі аб'ектыўныя прычыны, - расказаў Валерый Брылёў. - Можна сказаць, што і ў нас былі свае крыўды на сербскі бок, таму што яны даволі часта галасавалі супраць нас у розных міжнародных інстытутах".

Як змянілася супрацоўніцтва ў апошнія гады?

Цяперашні этап у адносінах паміж краінамі пасол называе спрыяльным: сербскія сацыялісты прыйшлі да ўлады, і яны арыентаваны развіваць супрацоўніцтва не толькі з Захадам, але і ўсходнімі партнёрамі. "Нашы прэзідэнты рэгулярна сустракаюцца па два-тры разы ў год на розных пляцоўках, вядуць перагаворы, - звярнуў увагу дыпламат. - Наш палітычны дыялог, нашы адносіны развіваюцца паступальна, з усё большым інтарэсам".

У той жа час Валерый Брылёў адзначыў, што дасягнуць патрэбнага ўзроўню ў эканамічным супрацоўніцтве ў Беларусі і Сербіі пакуль не атрымліваецца. "Прычын заўсёды можна знайсці шмат, але гэта нашы недапрацоўкі. Тут няма каго вінаваціць: самі ва ўсім вінаватыя, - заявіў пасол. - Дзве эканамічныя сістэмы розныя. Нам вельмі цяжка напрацаваць нейкія прарыўныя і вялікія праекты. Былі дамоўленасці аб пастаўках - мы ўсе выканалі на 100 працэнтаў (тралейбусы, аўтобусы, трактары, сумесныя вытворчасці). Але ў Сербіі ёсць аб'ектыўныя патрэбы. А ёсць і нашы недапрацоўкі: недзе прайгралі тэндар, недзе паўдзельнічалі не так, як трэба. Не паўдзельнічалі - сто аўтобусаў прадалі туркі".

За кошт чаго можна нарасціць тавараабарот?

У 2015 годзе тавараабарот паміж краінамі дасягнуў максімальнай адзнакі - $250 млн. У 2018 годзе ён склаў $148 млн. "Мы пастаўлялі нафтапрадукты на $120-140 млн. Цяпер мы іх не пастаўляем, і, зразумела, такую ​​нішу заняць чымсьці іншым складана. Але можна", - лічыць Валерый Брылёў.

На яго думку, у гандлі паміж краінамі пакуль не знайшлося месца звычайным таварам - тым жа прадуктам харчавання. "Яны ўсе ёсць, але ў несістэмным парадку. Трэба адкрываць фірменныя магазіны, укладваць грошы - гэта ўсё рызыкі. І наш бок, і той бок пабойваюцца. Калі гандаль самым звычайным таварам зрушыцца з месца, тады будзе абарот", - рэзюмаваў дыпламат.

Раней пасол заяўляў, што краіны на працягу бліжэйшых гадоў могуць дасягнуць тавараабароту ў памеры $500 млн, калі будуць рэалізаваны ўсе падпісаныя пагадненні, кантракты, дагаворы.

Як паведамлялася, сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіруецца з афіцыйным візітам у Бялград, дзе 3 снежня правядзе перагаворы з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам. Бакі абмяркуюць перспектывы павелічэння тавараабароту, ініцыятывы па стварэнні сумесных вытворчасцей і запуску ўзаемных інвестыцыйных праектаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі