Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
21 чэрвеня 2019, 22:00

Беларусь і Расія павінны да лістапада ўзгадніць усе інтэграцыйныя дарожныя карты - Румас

21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія павінны да лістапада ўзгадніць усе інтэграцыйныя дарожныя карты, паведаміў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас журналістам па выніках сустрэчы са старшынёй урада Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У абноўленай праграме дзеянняў (па развіцці Саюзнай дзяржавы. - Заўвага БЕЛТА) будуць прапісаны ў першую чаргу дарожныя карты па сектарах эканомікі. Мы гэтыя дарожныя карты павінны ўзгадніць усе абсалютна да лістапада", - сказаў Сяргей Румас.

Прэм'ер-міністр паведаміў, што затым спатрэбіцца вялікая работа ўрадаў па карэкціроўцы заканадаўства, каб агульныя рынкі маглі пачаць працаваць на поўную сілу. "Калі мы гаворым пра агульныя або нават па некаторых сектарах адзіных рынках, то разумеем, што гэта аднолькавыя ўмовы для нашых суб'ектаў гаспадарання. І не важна, зарэгістраваны яны ў Расійскай Федэрацыі або ў Беларусі", - адзначыў ён.

Сяргей Румас растлумачыў, што аднолькавыя ўмовы гаспадарання прадугледжваюць аднолькавыя і падаткаабкладанне, і элементы бюджэтнай палітыкі, і роўныя цэны на энерганосьбіты, і аднолькавыя рэгулятарныя правілы. "Гэта з'яўляецца мэтай інтэграцыі", - падкрэсліў ён.

Як адзначыў Дзмітрый Мядзведзеў, інтэграцыйныя пытанні, якія абмяркоўваюцца бакамі, можна ўмоўна падзяліць на тры карзіны: па першай групе пытанняў аднолькавае разуменне сутнасці і тэрмінаў укаранення; другая - дзе бакі аднолькава разумеюць рашэнні ў эканамічнай і сацыяльнай сферы, але яшчэ няма тэрмінаў іх рэалізацыі; па трэцяй катэгорыі неабходна правесці дадатковыя кансультацыі.

Паводле яго слоў, сённяшнія перагаворы кіраўнікоў урадаў РФ і Беларусі прайшлі добра, бакі разумеюць і чуюць аргументы адзін аднаго ў пытаннях інтэграцыйнай тэматыкі.

Сяргей Румас удакладніў, што першая карзіна пытанняў па інтэграцыйнай тэматыцы самая ёмістая. "Але тыя 2 ці 3 пункты, якія знаходзяцца ў трэцяй карзіне, самыя цяжкія. Па іх, вядома, патрэбны дадатковыя кансультацыі", - сказаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі