Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
07 лютага 2019, 10:22

Беларусь і Францыя адзначаюць важнасць далейшай актывізацыі ўсебаковых кантактаў

7 лютага, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. У МЗС Францыі адбылася сустрэча Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Парыжы Паўла Латушкі з нагоды завяршэння яго дыпмісіі з намеснікам генеральнага сакратара французскага знешнепалітычнага ведамства Андрэ Паранам. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў беларускай дыпламатычнай місіі.

Прадстаўнік МЗС Францыі падзякаваў паслу за шматгадовую актыўную работу па развіцці беларуска-французскага ўзаемадзеяння. Ён высока ацаніў намаганні двух бакоў, накіраваныя на пашырэнне супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай і гуманітарнай сферах.

Намеснік генеральнага сакратара МЗС падкрэсліў важнасць стварэння і паспяховага функцыянавання міжурадавай гандлёва-эканамічнай камісіі, праведзенага ў 2018 годзе візіту ў Беларусь дзяржаўнага сакратара пры міністры Еўропы і замежных спраў Францыі Жана-Батыста Лемуана, рэгулярнасць палітычнага дыялогу, развіццё інстытута ганаровых консулаў і ўзаемадзеянне ў культурнай сферы.

Павел Латушка адзначыў, што Францыя - адна з вядучых краін ЕС, і Беларусь надае вялікае значэнне развіццю супрацоўніцтва з французскім бокам. Пасол таксама адзначыў важнасць далейшага развіцця ўсебаковага ўзаемадзеяння. Паміж дзяржавамі сфарміраваны даволі шырокі інструментарый супрацоўніцтва: высокі ўзровень міжпарламенцкага дыялогу і дыялогу паміж міністэрствамі замежных спраў, бізнес-форумы і эканамічныя прэзентацыі, міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў галіне культуры і іншых гуманітарных сферах.

Бакі пагадзіліся з тым, што захоўваецца значны патэнцыял для далейшага развіцця адносін паміж Мінскам і Парыжам, рэалізацыю якога па ўсіх напрамках неабходна актыўна прадоўжыць.

На заканчэнне размовы Павел Латушка выказаў удзячнасць кіраўніцтву МЗС Францыі, дэпартаменту кантынентальнай Еўропы МЗС Францыі, а таксама пасольству Францыі ў Беларусі за канструктыўнае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ў рэалізацыі праектаў, накіраваных на ўмацаванне беларуска-французскіх адносін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі