Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
13 мая 2019, 17:19

Беларусь гатова падзяліцца з Латвіяй вопытам па рэалізацыі МУР - Шчоткіна

13 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова падзяліцца з Латвіяй вопытам па рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам намеснік старшыні Савета Рэспублікі, нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР Мар'яна Шчоткіна перад сустрэчай з дэпутатамі Сейма Латвіі на чале са старшынёй камісіі па доўгатэрміновым развіцці Вячаславам Дамброўскісам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Латвія пачала распрацоўку нацыянальнай стратэгіі развіцця на 2021-2027 гады і выказвае інтарэс да беларускага вопыту ў гэтай сферы. "Латвійскіх партнёраў цікавяць падыходы да ўстойлівага развіцця. Мы падзелімся сваім вопытам, і нас у першую чаргу, акрамя эканомікі, гуманітарных пытанняў, цікавіць экалагічны складнік. Размова ідзе аб захаванні трансгранічных водных рэсурсаў, укараненні зялёных тэхналогій, развіцці зялёнай эканомікі", - расказала Мар'яна Шчоткіна. Яна нагадала, што ў Беларусі дзейнічае стратэгія сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2030 года, распрацоўваецца аналагічны дакумент па ўстойлівым развіцці да 2035 года.

У сваю чаргу Вячаслаў Дамброўскіс расказаў, што Латвію цікавіць вопыт Беларусі ў IT, паколькі краіне ўдалося дабіцца ўражальных вынікаў у гэтай галіне. Вывучаецца і развіццё беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. Для таго каб атрымаць вычарпальную інфармацыю з першых вуснаў, латвійская дэлегацыя сёння пабывала ў Парку высокіх тэхналогій і Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень".

У час сустрэчы адзначаўся даверны характар беларуска-латвійскіх адносін у цэлым і міжпарламенцкага дыялогу ў прыватнасці. Апошнім часам ён набыў асаблівае значэнне, мае сістэмны характар. Парламентарыі дзвюх краін маюць намер і ў далейшым прыкладаць намаганні для павелічэння тавараабароту, інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Беларускія сенатары ўдзячныя латвійскім калегам за падтрымку ў ЕС і разлічваюць, што даверныя міжпарламенцкія адносіны будуць каталізатарам для супрацоўніцтва ў іншых сферах.

Вячаслаў Дамброўскіс і Мар'яна Шчоткіна'

Латвія - важны гандлёвы партнёр Беларусі, буйны транзітны калідор для беларускага экспарту ў трэція краіны. Па выніках 2018 года Латвія заняла 14-е месца па тавараабароце і 10-е па экспарце (доля - 1,4 працэнта) сярод краін, з якімі Беларусь праводзіць знешнегандлёвыя аперацыі. Двухбаковы тавараабарот склаў $582,7 млн (тэмп росту - 132,9 працэнта да 2017 года). Сальда склалася дадатным для Беларусі ў памеры $388,5 млн.

У 2018 годзе ў эканоміку Беларусі прыцягнута інвестыцый з Латвіі на суму $107,5 млн, у тым ліку прамых - $82,1 млн. Латвійскія інвестары выказваюць інтарэс да рэалізацыі праектаў у сферы гандлю, паслуг, дрэваапрацоўкі, фармацэўтыкі, вытворчасці харчовай і іншай прадукцыі. У краіне працуюць 585 прадпрыемстваў з удзелам латвійскага капіталу. У ліпені 2018 года зацверджаны план мерапрыемстваў урадаў Беларусі і Латвіі па асноўных напрамках супрацоўніцтва на сярэднетэрміновую перспектыву. У яго ўвайшлі сферы, якія парламентарыі ў свой час вызначалі на перагаворах як перспектыўныя. Размова ідзе аб развіцці медыцынскага турызму, прыдарожнага сэрвісу, навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, узаемадзеянні ў харчовай прамысловасці, дрэваапрацоўцы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі