Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
18 ліпеня 2019, 19:22

Беларусь будзе настойліва пашыраць ініцыятыву "Хельсінкі-2" - Дапкюнас

18 ліпеня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Беларусь будзе настойліва пашыраць ініцыятыву "Хельсінкі-2", паколькі гэта будзе садзейнічаць забеспячэнню міру і бяспекі ў краіне і на суседніх тэрыторыях. Аб гэтым, адказваючы на пытанні журналістаў, заявіў намеснік міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь будзе настойліва падтрымліваць гэту ідэю (правядзення новай нарады АБСЕ ў фармаце "Хельсінкі-2". - Заўвага БЕЛТА) кожны раз, пры кожным зручным выпадку, пры адпаведнай нагодзе. Не для рэкламы, а каб забяспечыць мір і бяспеку перш за ўсё народу нашай краіны і нашым суседзям", - сказаў намеснік міністра.

Ён нагадаў, што з ініцыятывай аднавіць практыку правядзення нарад з удзелам кіраўнікоў дзяржаў АБСЕ выступіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка два гады таму. "Працэс патрабуе часу, пошуку прыхільнікаў. Гэта не тая ідэя, якая арыентавана на хуткую рэкламу, успрыманне, арганізацыю пратакольных мерапрыемстваў. Гэта частка жыцця, - падкрэсліў намеснік міністра. Трэба нешта рабіць па-за рамкамі звычайнага бюракратычнага працэсу, каб паглядзелі адзін аднаму ў вочы тыя людзі, лідары краін, ад узаемаразумення якіх залежыць лёс свету, пытанні міру і вайны, - пакуль гэта адбываецца з пераменным поспехам, дадаў ён.

Нягледзячы на працягласць працэсу і не заўсёды відавочны поспех, трэба прадаўжаць прыкладаць намаганні, каб аднавіць прамы дыялог паміж кіраўнікамі шэрага дзяржаў і тым самым садзейнічаць стабілізацыі абстаноўкі ў рэгіёне. "Рабіць выгляд, што ўсё ідзе як звычайна, безадказна. І мы бачым праявы таго: ваенныя канфлікты, напружанасць, якая можа прывесці да горшага. Беларусь як краіна, якая прайшла праз гэта найгоршае (у гады Вялікай Айчыннай вайны), адчувае сваю асаблівую адказнасць, каб своечасова шукаць мірнага пагаднення", - сказаў намеснік міністра.

Як паведамлялася, дыскусію аб неабходнасці арганізацыі новага Хельсінкскага працэсу ў АБСЕ прапанаваў пачаць Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пленарным пасяджэнні, прысвечаным урачыстаму адкрыццю 26-й штогадовай сесіі ПА АБСЕ ў Мінску ў 2017 годзе.

Да ідэі "Хельсінкі-2" кіраўнік дзяржавы вяртаўся і ў час сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнай супольнасці, беларускіх і замежных СМІ ў сакавіку 2019 года. "Настаў момант, што трэба было б недзе "Хельсінкі-2" сабраць і пагаварыць сур'ёзна, хаця б на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў АБСЕ (апошняя сустрэча кіраўнікоў дзяржаў АБСЕ адбылася ў Астане ў 2010 годзе, папярэдняя - у Стамбуле ў 1999 годзе. - Заўвага БЕЛТА)", - гаварыў Аляксандр Лукашэнка. - Тут не рванеш. Трэба ісці крокамі". Ён прывёў у прыклад перагаворы лідараў ЗША і КНДР. Многія разлічвалі, што складанасці ў адносінах паміж краінамі будуць зняты пасля першай жа сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў, аднак гэтага не адбылося. "Вялікія пытанні адразу не вырашаюцца, асабліва там, дзе задзейнічаны немалыя ігракі, і асабліва на ўзроўні дзяржаў", - адзначаў Прэзідэнт.

З'явіліся новыя ініцыятывы, у тым ліку адраджэнне Шаўковага шляху. "Паўстала пытанне спалучэння гэтых ініцыятыў, як іх сумясціць, каб не супярэчылі адна адной. Як успрымуць нашы кітайскія сябры гэту ініцыятыву, ці не будзе яна перашкаджаць Шаўковаму шляху? Вельмі шмат праблем і вельмі шмат пытанняў", - рэзюмаваў тады кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі