6 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь адзначае прагрэс у дыялогу з Венгрыяй па прыярытэтных напрамках двухбаковага супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў журналістам намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка па выніках дзявятага пасяджэння беларуска-венгерскай міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння з венгерскім бокам мы адзначылі прагрэс з моманту восьмага пасяджэння ў Будапешце (беларуска-венгерскай міжурадавай камісіі. - Заўвага БЕЛТА) па шэрагу прыярытэтных сфер двухбаковага ўзаемадзеяння. Мы дамовіліся і далей пашыраць супрацоўніцтва па такіх напрамках, як сельская і водная гаспадарка, харчовая прамысловасць, банкаўская, фінансавая, інвестыцыйная сферы, стандартызацыя, навука і інавацыі, будаўніцтва, турызм, адукацыя", - паведаміў Алег Краўчанка.
Намеснік міністра адзначыў рост з 2017 года гандлёвага абароту, пры гэтым як тавараў, так і паслуг. Развіваецца новы напрамак - будаўніцтва, у ліпені 2018 года было створана сумеснае беларуска-венгерскае прадпрыемства ў гэтай сферы. "Спадзяюся, што гэтыя тэндэнцыі мы зможам не толькі захаваць, але і пашырыць", - сказаў ён.
Алег Краўчанка назваў прарывам завяршэнне работы над праектам пагаднення паміж урадамі Беларусі і Венгрыі аб садзейнічанні ажыццяўленню і ўзаемнай абароне інвестыцый. Ён выказаў упэўненасць, што заключэнне пагаднення паслужыць дадатковым стымулам да рэалізацыі інвестыцыйных праектаў на тэрырорыі дзвюх краін.
У сваю чаргу дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Чаба Балаг адзначыў, што Беларусь і Венгрыя павінны больш інтэнсіўна выкарыстоўваць магчымасці двухбаковага супрацоўніцтва.
Пасяджэнні беларуска-венгерскай міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве і спадарожныя ім бізнес-форумы праводзяцца з 2009 года. Створаны рабочыя групы па супрацоўніцтве ў сферы турызму, навукова-тэхнічным узаемадзеянні.-0-