Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
15 сакавіка 2019, 18:15

Андрэйчанка: дзяржава для народа - адзіна магчымы шлях рэалізацыі канстытуцыйных каштоўнасцей

15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пабудова дзяржавы для народа - гэта адзіна магчымы шлях рэалізацыі канстытуцыйных каштоўнасцей, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка пасля паслання Канстытуцыйнага суда Прэзідэнту Беларусі і палатам Нацыянальнага сходу "Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2018 годзе", якое агучыў старшыня КС Пётр Міклашэвіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пасланне КС сёння абмяркоўвалася ў пашыраным фармаце. Спікер лічыць, што гэта крок у абсалютна правільным напрамку. "Публічнае абмеркаванне ўсіх прынцыповых пытанняў жыцця краіны павінна стаць нязменным правілам. Дзяржава для народа - не лозунг, а адзіна магчымы шлях рэалізацыі каштоўнасцей, закладзеных у аснову Канстытуцыі. І мы павінны прыкласці максімум намаганняў, каб наша дзейнасць адпавядала патрабаванням кіраўніка дзяржавы і чаканням грамадзян", - упэўнены Уладзімір Андрэйчанка.

"Неабходна развіваць дух Канстытуцыі, яе нацэленасць на абарону асноўных інтарэсаў грамадзян. Гэта мір, праца, достойная заработная плата, бяспека сем'яў, родных, блізкіх - тое, без чаго ўсё астатняе не мае значэння", - адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў. Ён нагадаў, што менавіта аб гэтым пастаянна гаворыць Прэзідэнт, праводзячы міралюбны знешнепалітычны курс, нацэльваючы ўсе дзяржаўныя органы на суаднясенне прымаемых рашэнняў з рэаліямі жыцця, інтарэсамі грамадзян, тым пачуццём сацыяльнай справядлівасці, якое ўласціва беларускаму грамадству.

Прыняцце Канстытуцыі стала важнай вяхой у развіцці беларускай дзяржаўнасці. "Маючы безумоўную прававую каштоўнасць, Канстытуцыя з'яўляецца і галоўным маральным арыенцірам. Выбіраючы шлях развіцця, народ Беларусі дакладна абазначыў прыярытэты - незалежнасць, мір, сацыяльная справядлівасць, эвалюцыйны характар пераўтварэнняў", - падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.

Аб'яднанне грамадства вакол гэтых базавых прынцыпаў і іх паслядоўная рэалізацыя далі магчымасць зберагчы ўсё лепшае, аднавіць эканоміку, пераадолець сацыяльныя праблемы і паступальна нарошчваць тэмпы эканамічнага росту, дадаў ён.

За 25 гадоў палажэнні Асноўнага Закона атрымалі сваё напаўненне і развіццё ў нацыянальным заканадаўстве. Уладзімір Андрэйчанка звярнуў увагу, што вядучую ролю ў гэтым працэсе адыгрываюць устаноўкі кіраўніка дзяржавы, яго пасланні беларускаму народу і парламенту. Сур'ёзную ролю ў падтрыманні канстытуцыйнай законнасці на належным узроўні адыгрывае і Канстытуцыйны суд.

Асаблівае значэнне для дэпутацкага корпуса маюць пасланні КС, якія заўсёды становяцца прадметам дасканалага вывучэння. Не стала выключэннем і цяперашняе. "Яго нацэленасць на вызначэнне перспектыў удасканалення прававога забеспячэння абароны правоў і свабод грамадзян, падтрыманне балансу інтарэсаў дзяржавы і грамадства, развіццё чалавечага патэнцыялу ў многім адпавядае духу тых дыскусій, якія вядуцца ў парламенце, - сказаў Уладзімір Андрэйчанка. - У сувязі з гэтым асаблівы акцэнт сёння неабходна зрабіць на забеспячэнні стабільнасці заканадаўства". А яна ў сваю чаргу цесна звязана з рэалізацыяй канстытуцыйнага прынцыпу сацыяльнай справядлівасці, з самага пачатку закладзенага ў аснову беларускай дзяржаўнасці.

"І ў гэтым плане ўзаемадзеянне парламентарыяў з Канстытуцыйным судом павінна пастаянна ўдасканальвацца, набываць новыя формы. Трэба рухацца далей, думаючы аб тым, як прывесці да адной роўніцы тыя дыскусіі, якія вядуцца і на парламенцкай пляцоўцы, і ў Канстытуцыйным судзе. Тут размова не пра канкрэтныя законапраекты, а пра найбольш вострыя праблемы, што хвалююць грамадства, для якога вельмі важна ведаць нашу пазіцыю", - растлумачыў спікер.

Такая сумесная работа бачыцца вельмі перспектыўнай як у плане рэалізацыі тых напрамкаў удасканалення заканадаўства, пра якія гаварылася сёння ў Авальнай зале, так і для развіцця канструктыўнага дыялогу з грамадзянскай супольнасцю, рэзюмаваў Уладзімір Андрэйчанка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі