Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
24 студзеня 2018, 16:47
Павел Майсееў

У Беларусі неабходна стварыць сістэму бесперапыннай псіхалагічнай дапамогі анкапацыентам

Павел Майсееў
Загадчык аддзела арганізацыі проціракавай барацьбы РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава

У Беларусі неабходна стварыць сістэму бесперапыннай псіхалагічнай дапамогі анкапацыентам. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА загадчык аддзела арганізацыі проціракавай барацьбы РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава Павел Майсееў.

"Псіхалагічная дапамога і падтрымка для анкалагічных пацыентаў з'яўляюцца найбольш запатрабаванымі - гэта не аспрэчваецца. Калі агучваецца дыягназ, гэта кардынальна змяняе жыццё пацыента і яго сваякоў. Некага ахоплівае адчай, нехта рыхтуецца да горшага, нехта закрываецца ў сабе, абмяжоўвае стасункі і замыкаецца на сваёй хваробе", - сказаў Павел Майсееў.

У РНПЦ ёсць група псіхатэрапеўтаў, псіхолагаў, псіхіятраў, якія працуюць з такімі пацыентамі на шпітальным этапе, у час лячэння ў стацыянары. Яны забяспечваюць падтрымку, размаўляюць з пацыентамі, якія адмаўлюцца ад лячэння. Праводзіцца работа і са сваякамі. Дагэтуль людзі задаюць пытанні, ці можна пацыенту мець стасункі з маленькімі дзецьмі, насіць іх на руках. Такія страхі і боязь з'яўляюцца памылковымі. Да работы далучаюцца і свяшчэннаслужыцелі. На тэрыторыі цэнтра ёсць свая царква. Заўсёды можна запрасіць свяшчэнніка.

Праблема ў тым, што пасля выхаду з РНПЦ або любой іншай анкалагічнай установы чалавек трапляе ў звычайнае асяроддзе і пазбаўляецца гэтай падтрымкі. "Цэласнай сістэмы псіхалагічнай дапамогі анкапацыентам у нас пакуль няма, яна знаходзіцца ў зародкавым стане. Гэту місію бяруць на сябе грамадскія арганізацыі, спрабуюць арганізаваць такую дапамогу. Але рана ці позна такая сістэма будзе выбудавана. Але гэта задача не ўрачоў-анколагаў - забяспечыць такую падтрымку за сценамі ўстановы. Павінны быць прыцягнуты і сацыяльныя работнікі, і псіхолагі. Тут вялікае поле дзейнасці", - упэўнены анколаг.

Як паведамлялася, калектыву Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава прысуджана прэмія Прэзідэнта Беларусі "За духоўнае адраджэнне" па выніках 2017 года.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі