Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
18 красавіка 2018, 11:40
Віктар Назаранка

У Беларусі неабходна актывізаваць пераход на новы стандарт менеджменту якасці

Віктар Назаранка

У Беларусі неабходна актывізаваць пераход на новую версію стандарту на сістэмы менеджменту якасці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар Назаранка.

Стандарты на сістэмны менеджмент у Беларусі ўкараняюцца ўжо на працягу больш як 20 гадоў. "Абнаўленне падыходаў да сістэмнага менеджменту з'яўляецца ва ўсіх краінах бесперапынным працэсам. Прычым размова ідзе аб уключэнні ў сістэму менеджменту якасці шэрага практычных методык, тэхнік, якія даюць магчымасць дакладна ацэньваць сітуацыю, прымаць кіраўніцкія рашэнні з мэтай атрымання дастойнага выніку і выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі", - сказаў Віктар Назаранка.

У Беларусі, як і ва ўсім свеце, пераход на новую версію стандарту СТБ ISO 9001-2015 "Сістэмы менеджменту якасці. Патрабаванні" павінен быць завершаны да 15 верасня 2018 года. "Гэты напрамак для нашай краіны вельмі важны. Але рэзультатыўнасць гэтай работы вымушае жадаць лепшага. Мы працуем над тым, каб нашы прадпрыемствы ў гэту дзейнасць актыўна і не фармальна ўключаліся, асаблівая роля ў працэсе адводзіцца кіраўнікам арганізацый. Урадам таксама пастаўлена задача павышаць канкурэнтаздольнасць галін на аснове сістэмных падыходаў да кіравання", - адзначыў старшыня Дзяржстандарту.

Сярод прадпрыемстваў, якія паспяхова прымяняюць дзяржаўныя стандарты на сістэмы менеджменту якасці і сучасныя методыкі кіравання, Віктар Назаранка назваў Беларускі металургічны завод, ААТ "Савушкін прадукт", IBA. "Ёсць шэраг прадпрыемстваў, якія зацікаўлены ў развіцці сістэмы менеджменту, укараненні самых перадавых падыходаў. Яны развіваюць выпрабавальную базу, укараняюць сучасныя стандарты і г.д. Але, на жаль, такіх прадпрыемстваў пакуль недастаткова", - дадаў ён.

Кіраўнік ведамства таксама адзначыў, што новая версія стандарту СТБ ISO 9001-2015 мае дакладную практычную накіраванасць, прадугледжвае прымяненне канкрэтных методык і тэхналогій па ўсіх напрамках дзейнасці прадпрыемства. Вялікая роля адводзіцца падыходам па раннім прадухіленні з'яўлення браку, пакуль гэта не перарасло ў каласальныя страты для прадпрыемства, а галоўнае - у страты рэпутацыі і даверу спажыўцоў.

"Рызыкі ацэньваюцца для таго, каб высветліць, якія з іх з'яўляюцца крытычнымі для арганізацыі як у кароткатэрміновым перыядзе, так і ў доўгатэрміновай перспектыве. Прадпрыемства загадзя выбудоўвае пэўныя меры для іх недапушчэння або зніжэння наступстваў. Калі рызыкі дапушчальныя, то прымяняюцца меры - замена тэхналогій, абсталявання, пастаўшчыка камплектуючых, распрацоўваюцца новыя віды прадукцыі і г.д. Такім чынам, рэсурсы прадпрыемства не распыляюцца адразу на ўсё, а канцэнтруюцца на тым, што важна для яго існавання", - падкрэсліў Віктар Назаранка.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі