Рэспубліканская селектарная нарада па пытаннях уборкі ўраджаю, якую 2 жніўня правёў Прэзідэнт Беларусі, стала добрым узварушэннем для кіраўнікоў на месцах: адстаючыя падцягнуліся, і за тыдзень пасля селектара многія праблемы зняты. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Анатоль Лукашоў.
Дэпутат расказаў аб сітуацыі ў сваёй выбарчай акрузе, у якую ўваходзяць тэрыторыі Дубровенскага, Лёзненскага, Сенненскага, Талачынскага раёнаў. "Праблемы былі па Сянне, Лёзне, Талачыне. Цяпер у акрузе падцягнуліся. Усё ідзе арганізавана, без збояў. Па Дуброўне пытанняў і раней практычна не было. Думаю, у гэтым годзе яны будуць у лідарах", - адзначыў Анатоль Лукашоў.
Ён звярнуў увагу, што за бягучы тыдзень у краіне нарасцілі тэмпы ўборкі збожжавых. Беларускія аграрыі намалацілі ужо больш за 3 млн т збожжа. "Селектарная нарада ў Прэзідэнта адбылася вельмі своечасова і стала своеасаблівым узварушэннем для кіраўніцтва на месцах. Ужо зняты многія праблемныя пытанні - па паліве, запчастках, загрузцы зернесушыльнай гаспадаркі", - звярнуў увагу парламентарый.
Вельмі шмат таксама залежыць ад кожнага канкрэтнага чалавека на яго месцы. "Працаваць трэба ад цямна да цямна і на вынік. Збожжа ўрадзіла, і яго трэба своечасова і без страт убраць", - рэзюмаваў парламентарый, які раней кіраваў калгасам "Герой працы" Дубровенскага раёна, а таксама займаў пасаду старшыні Дубровенскага райвыканкама.
Уборка збожжавых павінна завяршыцца ў Беларусі да 20 жніўня. Адпаведную задачу паставіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на праведзенай 2 жніўня рэспублiканскай селектарнай нарадзе. Кіраўнік дзяржавы раскрытыкаваў чыноўнікаў за правалы ў падрыхтоўцы да ўборачнай кампаніі. "Нельга дапусціць, каб, як гэта нярэдка бывае, механізм уборачнай кампаніі працаваў у павольным рэжыме. Гэта пагражае непазбежнымі стратамі, якіх дапусціць у бягучым годзе нельга", - падкрэсліў на нарадзе Аляксандр Лукашэнка. Тэмпы ўборкі павінны быць кардынальна паскораны. На перыяд уборачнай кампаніі Прэзідэнт пашырыў паўнамоцтвы старшынь райвыканкамаў, а таксама запатрабаваў асабістага ўключэння ў арганізацыю працэсу чыноўнікаў самага высокага рангу.
Беларусь уваходзіць у групу дзяржаў з дастатковым узроўнем вытворчасці збожжавых: на душу насельніцтва прыпадае больш за 900 кг збожжа. Доля краіны ў сусветнай вытворчасці збожжа за апошнія 15 гадоў вырасла з 0,26 працэнта да 0,38 працэнта. У сярэднім валавы збор збожжа ў краіне перасягае 9 млн т у год (з улікам кукурузы). Гэтага аб'ёму хапае, каб цалкам забяспечыць уласныя патрэбы як у харчовым, так і ў фуражным збожжы. Па ўраджайнасці збожжавых - у сярэднім штогод яна складае каля 34 ц/га - Беларусь лідзіруе сярод краін СНД.