Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
26 студзеня 2018, 16:24
Міхаіл Орда

Развіццё сферы турызму дае дадатковыя магчымасці для занятасці людзей

Міхаіл Орда
Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі

Развіццё сферы турызму дае дадатковыя магчымасці для занятасці людзей. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда напярэдадні адкрыцця прафсаюзнай турыстычнай выстаўкі "Прафтур-2018".

"Сёння ў многіх краінах турызм забяспечвае значную долю ВУП і стварае даволі вялікую колькасць рабочых месцаў. Пры гэтым трэба разумець, што размова ідзе не толькі аб занятасці людзей у гасцінічным бізнесе, але і аб стварэнні дадатковых рабочых месцаў у гандлі, абслугоўванні, індустрыі адпачынку, нават у банкаўскай і страхавой дзейнасці. З развіццём туріндустрыі заўсёды адбываецца ажыўленне ў такіх сектарах эканомікі, як транспарт, сувязь, будаўніцтва, сельская гаспадарка", - сказаў Міхаіл Орда.

У Беларусі ў плане развіцця турыстычнай галіны вельмі вялікі патэнцыял, рэалізаваць які дапамогуць у тым ліку прынятыя рашэнні па спрашчэнні візавага рэжыму і стварэнні спрыяльных умоў для работы малых і сярэдніх прадпрыемстваў і самазанятасці людзей. Сёння практычна няма перашкод, каб, напрыклад, адкрыць кафэ або заняцца рамесніцтвам. Гэта дапаможа палепшыць інфраструктуру, неабходную для развіцця турызму, асабліва ў вёсцы і ў невялікіх гарадах, упэўнены старшыня Федэрацыі прафсаюзаў. У далейшым паспяховую работу створаных малых і сярэдніх прадпрыемстваў можа забяспечыць якраз развіццё турызму. Паколькі даход рамеснікаў, прадпрыемстваў грамадскага харчавання ў многім забяспечваюць менавіта турысты.

Федэрацыя прафсаюзаў таксама садзейнічае развіццю турыстычнага сектара ў краіне. Ужо традыцыйна ў пачатку лютага праводзіцца выстаўка "Прафтур", дзе прафсаюзны тураператар "Беларустурыст" прапануе больш за 500 цікавых варыянтаў адпачынку як для беларусаў, так і для замежных гасцей.

Напрыклад, адзін з перспектыўных напрамкаў - прамысловы турызм. Сёння ў "Беларустурыста" самы вялікі пакет прапаноў экскурсій на заводы, фабрыкі і іншыя прадпрыемствы Беларусі. Гэты напрамак сёння вельмі цікавы замежным гасцям і самім беларусам.

Запатрабаваны і аздараўленчы турызм. 13 прафсаюзных санаторыяў сёння прапануюць праграмы абсалютна на любы густ - ад традыцыйных паўнацэнных курсаў па санаторна-курортным лячэнні да тураў выхаднога дня. Напрыклад, у мінулым годзе паслугамі прафсаюзных здраўніц скарысталася больш за 85 тыс. чалавек. З іх каля 44 тыс. - гэта грамадзяне з 45 краін свету.

Прафсаюзная экскурсійна-турыстычная выстаўка "Прафтур-2018" пройдзе з 30 студзеня па 1 лютага ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі