Прыёмы грамадзян дапамагаюць адсачыць сістэмныя пытанні і ўлічыць іх пры фарміраванні бюджэту. Такое меркаванне выказаў журналістам старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка пасля асабістага прыёму грамадзян у Беразіно, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Прыёмы грамадзян заўсёды даюць станоўчы вынік. Мы аналізуем звароты людзей, што дае магчымасць улічваць сістэмныя пытанні пры фарміраванні бюджэту Мінскай вобласці", - сказаў Анатоль Ісачанка.
Актуальнымі для ўсіх жыхароў сталічнага рэгіёна ён назваў пытанні жыллёвых і зямельных адносін. Не выключэнне і сённяшні прыём грамадзян. Напрыклад, жанчына з Беразіно звярнулася наконт пераводу нежылога памяшкання ў жылое. Анатоль Ісачанка даручыў спецыялістам разабрацца ў сітуацыі.
Тры жыхаркі Беразіно паскардзіліся на дах, які працякае, у шматкватэрным жылым доме. Паводле слоў дырэктара Бярэзінскай ЖКГ Дзяніса Вабішчэвіча, на 2019 год ужо запланаваны капітальны рамонт пяці дамоў, а дом заяўніц - першы на чарзе ў 2020 годзе. Выслухаўшы абодва бакі, старшыня Мінаблвыканкама даручыў мясцовым ЖКГ пачаць праектаваць капрамонт дома і паабяцаў дапамагчы з фінансаваннем. "Капітальны рамонт дома трэба праводзіць у любым выпадку. Мясцовыя ўлады з-за свайго невялікага бюджэту не маглі вырашыць гэта пытанне ў бягучым годзе. Таму, я думаю, мы падставім плячо і гэты дом зробім. Па меры магчымасці такія праблемы трэба вырашаць", - сказаў Анатоль Ісачанка. Ён дадаў, што ў кожным раёне Мінскай вобласці сфарміраваны графік капітальнага і бягучага рамонту дамоў і вуліц, што дасць магчымасць паступова вырашыць праблемы ў сферы ЖКГ.
На прыёме грамадзян таксама ўзнімаліся тэмы працаўладкавання і атрымання льготнага крэдыту на рамонт кватэры.