Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
08 мая 2018, 19:08
Уладзімір Дворнік

Подзвіг народа-воіна стаў невычэрпнай крыніцай духоўнай сілы для новых здзяйсненняў

Уладзімір Дворнік

Подзвіг народа-воіна, народа-працаўніка ў час Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенныя гады стаў невычэрпнай крыніцай духоўнай сілы для новых здзяйсненняў, для пераадолення любых цяжкасцей і выпрабаванняў. Аб гэтым заявіў 8 мая на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Перамогі, старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Губернатар адзначыў, што 9 Мая - асаблівы для беларусаў дзень. "Гэта дзень воінскай і працоўнай славы, народнай памяці і нацыянальнай гордасці за гераічны подзвіг, неадольную сілу духу і мужнасці ваеннага пакалення, якое адстаяла права жыць, гадаваць дзяцей і ўнукаў у свабоднай і незалежнай краіне", - сказаў кіраўнік рэгіёна. Паводле яго слоў, цяжкія гады вайны - гэта не толькі гісторыя, але і важныя ўрокі для будучыні. "У тых падзеях мы знаходзім маральныя арыенціры ў нашым жыцці і апору для стваральных спраў у XXI стагоддзі. На многія дзесяцігоддзі вялікі подзвіг народа-воіна, народа-працаўніка стаў невычэрпнай крыніцай духоўнай сілы для новых здзяйсненняў, для пераадолення любых цяжкасцей і выпрабаванняў", - дадаў Уладзімір Дворнік.

У дасягненне Перамогі неацэнны ўклад унесла і Гомельская вобласць. "Нямецкія войскі адчулі на сабе супраціўленне і контрудары савецкіх войскаў і апалчэнцаў пад Гомелем, Жлобінам, Рагачовам. Узорам непахіснай стойкасці і храбрасці стала бітва за Днепр. 365 яе ўдзельнікаў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. На нашай зямлі разгарнулася аперацыя "Баграціён", якая адыграла вырашальную ролю ў выгнанні захопнікаў з тэрыторыі Савецкага Саюза", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама.

На Гомельскай зямлі ваявалі з захопнікамі 127 партызанскіх атрадаў. За ратныя подзвігі ў гады Вялікай Айчыннай вайны звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены 125 ураджэнцаў рэгіёна.

Сёння ў Гомельскай вобласці пражываюць 1 246 ветэранаў. Работа, накіраваная на павышэнне якасці жыцця грамадзян старэйшага пакалення, прыярытэтная для ўлады і мае сістэмны характар, адзначыў кіраўнік рэгіёна. Так, кожны ветэран на працягу года праходзіць комплексныя медыцынскія агляды, атрымлівае неабходную ўрачэбную дапамогу і санаторна-курортнае лячэнне. Пастаянна вывучаецца матэрыяльна-бытавое становішча ветэранаў, аператыўна вырашаюцца пытанні, што ўзнікаюць.

Ад імя ўсіх жыхароў вобласці Уладзімір Дворнік падзякаваў ветэранам за бясцэнны ўрок патрыятызму, адвагі і гонару, за высокі ўзровень маральнасці і духоўнай сілы, за ратную і мірную працу, жыццёвую мудрасць і актыўную грамадзянскую пазіцыю. "Вашы доблесць, воінскі гонар, працоўная слава даюць нам сілы жыць і ствараць у імя працвітання нашай Радзімы", - звярнуўся да ветэранаў кіраўнік рэгіёна.

Прадоўжыўся ўрачысты сход святочным канцэртам. Свае творчыя віншаванні адрасавалі гледачам калектывы і выканаўцы рэгіёна.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі