Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
15 лютага 2018, 10:41
Аляксандр Марцінкевіч

Пераход да лічбавай эканомікі патрабуе якаснага перагляду сістэмы адукацыі

Аляксандр Марцінкевіч
Намеснік дырэктара адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій

Пераход да лічбавай эканомікі патрабуе якаснага перагляду сістэмы адукацыі. Такое меркаванне 14 лютага журналістам выказаў намеснік дырэктара адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Аляксандр Марцінкевіч, які прымаў удзел у семінары-нарадзе "Лічбавая эканоміка - новыя магчымасці развіцця", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Марцінкевіч адзначыў, што ў свеце Беларусь асацыіруюць з краінай, якая можа ствараць сучасныя запатрабаваныя ўсёй супольнасцю лічбавыя прадукты. Дзякуючы падпісанаму дэкрэту аб лічбавай эканоміцы, Беларусь можа стаць вядучым цэнтрам ведаў па самых прагрэсіўных напрамках. "Аднак змяненні, якія нас чакаюць, патрабуюць перагляду сістэмы адукацыі. Упор трэба рабіць менавіта на павышэнні яе якасці. Калі нам гэта ўдасца зрабіць, то мы зможам увайсці ў лік перадавых краін, якія будуць гатовы паспяхова вырашаць выклікі, якія стаяць перад сусветнай эканомікай", - лічыць эксперт.

Ён таксама падкрэсліў, што ў ІТ-сферы ва ўсім свеце адбываюцца глабальныя змяненні. Так, у некаторых краінах ужо з'явіліся таксі і аўтобусы без вадзіцеляў, магазіны без прадаўцоў і касіраў, банкі без аператараў. "У момант укараніць лічбавыя інструменты ў эканоміку краіны не атрымаецца - для гэтага патрэбна падрыхтаваць базу. На гэта якраз і накіраваны дэкрэт", - сказаў Аляксандр Марцінкевіч.

Развіццё лічбавай эканомікі прывядзе да з'яўлення новых лічбавых прадуктаў і бізнес-мадэлей, узрасце напружанне на рынку працы. "Аднак да гэтых выклікаў сучаснасці мы павінны быць гатовы", - канстатаваў спецыяліст.

У Гомелі праведзены семінар-нарада на тэму "Лічбавая эканоміка - новыя магчымасці развіцця". Удзел у ім прынялі старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік, старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка, прадстаўнікі Парка высокіх тэхналогій, вядучых ВНУ вобласці, прадпрыемстваў, банкаў, дзелавых колаў. Мэты правядзення сустрэчы - абмеркаванне пытанняў, звязаных з прымяненнем норм дэкрэта нумар 8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі", у прыватнасці, укараненне ў айчынную эканоміку лічбавых фінансавых інструментаў.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі