Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
05 красавіка 2018, 16:26
Анатоль Лемяшонак

Новы закон аб СМІ прызначаны ўпарадкаваць дзейнасць сеткавых рэсурсаў

Анатоль Лемяшонак

Новы закон аб СМІ прызначаны ўпарадкаваць дзейнасць сеткавых рэсурсаў. Аб гэтым заявіў журналістам старшыня Беларускага саюза журналістаў Анатоль Лемяшонак, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На думку старшыні БСЖ, змяненні і дапаўненні ў закон аб СМІ наспелі ўжо даўно. "Закон прызначаны ўпарадкаваць дзейнасць тых сеткавых СМІ, якія існавалі ў заканадаўчым вакууме", - сказаў ён.

Так, было не зусім зразумела, чаму адказнасць за парушэнні заканадаўства павінен несці толькі заснавальнік, але не ўладальнік рэсурсу, цяпер такое будзе немагчыма. Акрамя таго, былі сітуацыі, калі кіраўнікі незарэгістраваных выданняў скардзіліся на тое, што іх журналістаў не пускаюць на нейкія мерапрыемствы, цяпер усё становіцца на свае месцы.

У асноўным усе дапаўненні датычацца інтэрнэт-рэсурсаў, цяпер гэта будуць сеткавыя сродкі масавай інфармацыі. Яны павінны будуць прайсці рэгістрацыю ў Міністэрстве інфармацыі, і іх журналісты будуць прыраўнаваны да прафесійных журналістаў.

Анатоль Лемяшонак таксама лічыць, што ідэнтыфікацыя каментатараў спыніць існуючае становішча "неапазнаных аб'ектаў" у інфармацыйнай прасторы, калі ёсць магчымасць хавацца пад нікамі. Часта гэта былі "мёртвыя душы", і большую частку кантэнту рабіла невялікая колькасць людзей. Але ж гэта тая прастора, дзе абмяркоўваюцца важныя рэчы, якія датычацца жыцця краіны і яе будучага.

Важным з'яўляецца тое, што цяпер усе СМІ будуць абавязаны працаваць у рамках акрэсленага прававога поля, а значыць, не толькі асвятляць тыя ці іншыя падзеі, але і несці сацыяльную адказнасць за праўдзівасць звестак, якія распаўсюджваюцца.

Анатоль Лемяшонак адзначыў, што такая практыка заканадаўчага рэгулявання існуе ў свеце: у Германіі ёсць адказнасць за парушэнні ў інтэрнэце, у Францыі ўжо сем гадоў дзейнічае закон, які ўпарадкоўвае журналісцкую дзейнасць у сетцы.

"Цяпер зроблена спроба выправіць многія з недахопаў. Але жыццё настолькі імклівае, хутка бяжыць наперад, не выключана, што праз год-два мы зноў будзем думаць аб тым, якія крокі зрабіць, каб упарадкаваць прафесійную дзейнасць у сферы СМІ", - сказаў на заканчэнне старшыня Беларускага саюза журналістаў.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі