Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
15 лістапада 2018, 18:03
Уладзімір Нячаеў

Міжнароднай супольнасці цікавы вопыт Беларусі па кантролі за віртуальнымі актывамі

Уладзімір Нячаеў
Выканаўчы сакратар ЕАГ

Беларусь у пытаннях кантролю за віртуальнымі актывамі займае перадавыя пазіцыі сярод краін Еўразійскай групы па барацьбе з адмываннем злачынных даходаў і фінансаваннем тэрарызму (ЕАГ), і гэты вопыт цікавы сусветнай супольнасці. Такое меркаванне выказаў журналістам выканаўчы сакратар ЕАГ Уладзімір Нячаеў у час пленарнага пасяджэння арганізацыі ў Менску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Уладзімір Нячаеў падкрэсліў, што ЕАГ працуе ў адпаведнасці са стандартамі Групы распрацоўкі фінансавых мер барацьбы з адмываннем грошай (ФАТФ), якія з'яўляюцца абавязковым дакументам для выканання ўсімі дзяржавамі свету. У сферы процідзеяння легалізацыі злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму дзейнічаюць 40 рэкамендацый. У выпадку іх невыканання да дзяржаў могуць прымяняцца меры ад пастаноўкі на працэдуру ўзмоцненага маніторынгу да ўключэння ў "чорны" або "шэры" спіс.

"ФАТФ ушчыльную займаецца праблематыкай віртуальных актываў, да лютага будуць падрыхтаваны прапановы па змяненні 15 рэкамендацый, у тым ліку па рабоце з віртуальнымі валютамі. "Беларусь ідзе крыху наперадзе іншых нашых краін па рэгуляванні, прапрацоўцы гэтага пытання. Таму беларускі вопыт вельмі цікавы", - сказаў Уладзімір Нячаеў.

Ён нагадаў, што пленарныя пасяджэнні ЕАГ праходзяць два разы ў год. Сустрэча ў Мінску стала не толькі пляцоўкай для дыялогу, але яна значная і з пункту гледжання ацэнкі "антыадмывачнай" сістэмы рэспублікі. "Мы правялі семінар для прыватнага сектара і наглядных органаў, каб яны маглі пачуць аб важнасці разглядаемых праблем, аб тым, на якія аспекты стандартаў ФАТФ звярнуць увагу. Думаю, што гэта было вельмі карыснае мерапрыемства не толькі для ЕАГ, але ў першую чаргу для Беларусі", - дадаў Уладзімір Нячаеў.

Асноўны этап ацэнкі адбудзецца ў сакавіку 2019 года, пазітыўная ацэнка будзе садзейнічаць павышэнню крэдытных і іншых рэйтынгаў. Папярэдняя ацэнка нацыянальнай "антыадмывачнай" сістэмы Беларусі праводзілася 10 гадоў таму і ў цэлым мела станоўчыя вынікі.

Таксама на пленарным пасяджэнні шырока абмяркоўваўся такі напрамак, як барацьба з фінансаваннем тэрарызму. "У Беларусі рызыка мінімальная, тым не менш гэта наша агульная праблема і задача", - лічыць выканаўчы сакратар ЕАГ.

Еўразійская група па барацьбе з адмываннем злачынных даходаў і фінансаваннем тэрарызму - міжнародная міжурадавая арганізацыя. Створана ў 2004 годзе ў мэтах забеспячэння эфектыўнага ўзаемадзеяння на рэгіянальным узроўні і інтэграцыі дзяржаў - членаў ЕАГ у міжнародную сістэму процідзеяння легалізацыі злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі міжнароднымі стандартамі ў названай сферы дзейнасці. Членамі ЕАГ з'яўляюцца дзевяць краін: Беларусь, Індыя, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан.

Пленарнае пасяджэнне ў Мінску сабрала амаль 250 удзельнікаў з дзяржаў - членаў ЕАГ, а таксама дзяржаў і міжнародных арганізацый, якія маюць статус наглядальніка ў арганізацыі.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі