Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
15 сакавіка 2018, 10:37
Алег Скугарэўскі

Магчымасці аказання псіхіятрычнай меддапамогі ў амбулаторных умовах трэба пашырыць

Алег Скугарэўскі
Загадчык кафедры псіхіятрыі і медыцынскай псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, прафесар, старшыня праўлення Беларускай псіхіятрычнай асацыяцыі

Магчымасці аказання псіхіятрычнай меддапамогі ў амбулаторных умовах трэба пашырыць. Такім меркаваннем падзяліўся загадчык кафедры псіхіятрыі і медыцынскай псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, прафесар, старшыня праўлення Беларускай псіхіятрычнай асацыяцыі Алег Скугарэўскі ў інтэрв'ю газеце "7 дней", паведамляе БЕЛТА.

Паводле слоў Алега Скугарэўскага, наспела неабходнасць перавесці сістэму аказання дапамогі пацыентам з псіхічнымі расстройствамі пераважна ў амбулаторныя ўмовы. Пры гэтым абавязкова трэба захаваць неабходны аб'ём стацыянараў. "Лячэнне ў стацыянарах вельмі дарагое: на аднаго пацыента дзяржава траціць у сярэднім амаль Br100 у дзень. Калі перанакіраваць гэтыя сродкі на амбулаторную службу, можна будзе лячыць чалавека дома, але пры гэтым ён не страціць кантакты з навакольным светам і будзе адчуваць сябе больш камфортна. Падкрэслю, што пераход ад таго, што ёсць, да таго, што патрэбна, павінен быць гарманічным", - адзначыў загадчык кафедры.

Прадаўжаючы тэму змяненняў, якія неабходны айчыннай сістэме псіхіятрычнай дапамогі, Алег Скугарэўскі звярнуў увагу на неабходнасць інвестыцый у прафілактыку псіхічных расстройстваў. Паводле яго слоў, гэта не толькі гуманна, але і выгадна дзяржаве, што пацвярджае велізарная колькасць даследаванняў. Больш таго, трэба фарміраваць станоўчы імідж псіхіятрыі ў грамадстве, вучыцца спачуваць псіхічнахворым людзям.

У Мінску 16-17 сакавіка адбудзецца Першы кангрэс маладых псіхіятраў Усходняй Еўропы пад назвай "Псіхіятрыя, якая аб'ядноўвае сэрцы". Праграма ўключае абмен уяўленнямі аб дыягностыцы, лячэнні і прафілактыцы псіхічных і паводзінскіх расстройстваў. Будуць абмяркоўвацца вострыя дыскусійныя пытанні і найноўшыя распрацоўкі ў галіне.

Мерапрыемства пройдзе пад эгідай Сусветнай псіхіятрычнай асацыяцыі - гэта адна з самых масавых у свеце міжнародных медыцынскіх арганізацый, якая аб'ядноўвае больш за 200 тыс. псіхіятраў са 120 краін. Яе асноўныя задачы - пашырэнне ініцыятыў і ідэй па клопаце аб псіхічным здароўі грамадзян усяго свету.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі