Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
04 красавіка 2018, 19:46
Уладзімір Дворнік

Комплексны аналіз у рабоце са зваротамі грамадзян вызначыць аптымальныя шляхі вырашэння пытанняў

Уладзімір Дворнік

Комплексны падыход і аналіз у рабоце са зваротамі грамадзян дапаможа вызначыць аптымальныя шляхі вырашэння пытанняў. Такое меркаванне выказаў 4 красавіка ў час прыёму па асабістых пытаннях грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Гомельскага аблвыканкама Вольга Рабікава.

Першапачаткова на прыём да губернатара запісаліся пяць жыхароў вобласці. Аднак большасць агучаных пытанняў былі зняты напярэдадні.

Жыхарка Гомеля, якая набыла нерухомую маёмасць у Гомельскім раёне, агучыла адразу некалькі тэм: у яе спісе было 18 пунктаў. Пытанні датычыліся ўстанаўлення межаў зямельнага ўчастка і яго расшырэння, законнасці размяшчэння водаправоднага калодзежа, паветравода, каналізацыйнай ямы на суседніх участках. Таксама заяўніца лічыць неправамерным добраўпарадкаванне зямель агульнага карыстання, якое правялі на свой густ і па сваіх магчымасцях жыхары пасёлка. Агучыла жанчына і прэтэнзіі да ўлад адносна няроўнага, выбарачнага, на яе погляд, стаўлення да жыхароў пасёлка: за адно і тое ж парушэнне, паводле слоў гамяльчанкі, адны прыцягваюцца да адказнасці і плацяць штрафы, іншым жа ўсё сыходзіць з рук.

"Такія звароты комплексна вывучаюцца ўсімі зацікаўленымі службамі. Гэта патрабаванне губернатара. Напярэдадні прыёму камісія ў складзе 14 спецыялістаў, кіраўнікоў, дэпутатаў, прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі вывучыла агучаныя тэмы. Праблемы, якія атрымалі пацвярджэнне, ужо вырашаюцца. Астатнія будуць дэталёва прапрацаваны", - падкрэсліла Вольга Рабікава.

На прыёме Уладзімір Дворнік даў даручэнне адказным службам яшчэ раз выехаць на месца, правесці неабходныя разлікі і знайсці аптымальнае вырашэнне існуючых сітуацый. "У рабоце са зваротамі грамадзян аптымальныя шляхі вырашэння пытанняў дапаможа вызначыць комплексны падыход і аналіз. І вельмі важна кіравацца законам і логікай. Калі сёння чалавек прыйшоў у вёску з жаданнем працаваць, дайце яму зямлі столькі, колькі ён хоча і, галоўнае, можа апрацаваць. Зразумела, у рамках заканадаўства і не на шкоду суседзям", - сказаў губернатар.

Таксама заяўніца лічыць неабходным звольніць службовых асоб, якія своечасова не ўрэгулявалі праблему, і прыцягнуць да адказнасці суседзяў. Як адзначыў Уладзімір Дворнік, пытанні, якія перараслі ў канфлікт інтарэсаў, магчыма вырашыць толькі, выслухаўшы кожнага яго ўдзельніка. Кіраўнік рэгіёна даў даручэнне спецыяльнай камісіі, што складаецца з дэпутатаў усіх узроўняў, выехаць ва ўказаны населены пункт і пагутарыць з усімі зацікаўленымі. "У складзе камісіі - прынцыповыя, паважаныя людзі, якім аказаны давер народа і дэлегаваны правы вырашаць праблемы, у тым ліку і прыватнага характару", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама.

На прыёме вызначаны тэрміны вырашэння агучаных тэм, узнятыя пытанні застаюцца на кантролі.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі