Хатынская трагедыя назаўсёды застанецца ў сэрцах і памяці беларусаў. Аб гэтым заявіла журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава пасля мітынгу-рэквіема ў мемарыяльным комплексе "Хатынь", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Наталля Качанава адзначыла, што трагедыя, якая адбылася 75 гадоў таму, скалыхнула ўвесь свет і сёння таксама не пакідае нікога абыякавым. "Мы павінны шанаваць тое, што маем: мір, спакой, магчымасць працаваць, вучыцца, рэалізоўваць свае планы і задумы. А хатынская трагедыя назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах, у нашай памяці. Мы павінны і абавязаны перадаць гэта наступным пакаленням, каб ніколі тое, што адбылося шмат гадоў таму на нашай зямлі, не здарылася зноў. Гэтага дапусціць мы не маем права", - падкрэсліла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
"Мы павінны быць удзячны той палітыцы, якая праводзіцца ў беларускай дзяржаве. Палітыцы міралюбнасці, дружбы з нашымі суседзямі, з краінамі ва ўсім свеце, якія праводзяць такую ж палітыку", - адзначыла Наталля Качанава.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта расказала, што не раз бывала ў Хатыні. Яна ўпэўнена, што беларусам трэба часцей прывозіць сюды дзяцей і ўнукаў, расказваць ім аб хатынскай трагедыі.