Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
13 красавіка 2018, 10:45
Міхаіл Орда

Для ўстойлівага развіцця будаўнічага комплексу ёсць усе перадумовы

Міхаіл Орда
Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі

Для ўстойлівага развіцця будаўнічага комплексу ёсць усе перадумовы. Такое меркаванне выказаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда на сустрэчы з работнікамі ААТ "Будтрэст нумар 8" у Брэсце, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ФПБ.

На сустрэчы ўзнімаліся некаторыя праблемныя пытанні ў будаўнічай сферы. Кіраўнік нацыянальнага прафцэнтра падкрэсліў, што, нягледзячы на адмоўныя паказчыкі работы ў мінулым годзе, у будаўнікоў ёсць перспектывы і магчымасці для змянення сітуацыі. "Паляпшэнне макраэканамічнай сітуацыі ў краіне, умоў крэдытавання на рынку, зніжэнне адміністрацыйных патрабаванняў пры арганізацыі работ даюць пэўныя магчымасці для якаснага росту будаўнічага комплексу ў цэлым і дабрабыту работнікаў у прыватнасці", - сказаў Міхаіл Орда.

Старшыня ФПБ звярнуў увагу і на такія праблемныя пытанні, як парушэнне тэрмінаў выплаты заработнай платы, узровень аплаты працы ў галіне, адток прафесійных кадраў, вялікая крэдытная нагрузка і наяўнасць дэбіторскай запазычанасці перад будаўнічымі арганізацыямі з боку мясцовых бюджэтаў. "Мы бачым, што бываюць сітуацыі, калі ў тым або іншым рэгіёне пачынаецца будаўніцтва аб'ектаў без наяўнасці неабходнага фінансавання. У выніку вымываюцца абаротныя сродкі будаўнічых арганізацый, тыя вымушаны браць крэдыты пад вялікія працэнты. У выніку праблемы нарастаюць як снежны камяк. Гэта пытанне ўжо да планавання і арганізацыі работы на месцах. Мы са свайго боку звяртаемся да ўрада, да мясцовых органаў улады, гаворачы пра неабходнасць поўных разлікаў з будаўнічымі арганізацыямі", - сказаў Міхаіл Орда.

У размове з працоўным калектывам старшыня ФПБ указаў на неабходнасць пастаяннага павышэння кваліфікацыі, таму што ад гэтага залежыць прафесіяналізм работнікаў. "Ва ўмовах адкрытай эканомікі канкурэнцыя на рынку паслуг узрастае ў разы, - падкрэсліў Міхаіл Орда. - У гэтай сітуацыі неабходна шукаць новыя падыходы, укараняць сучасныя тэхналогіі, будаваць танней і хутчэй. А для таго, каб мы маглі прапанаваць добрую якасць работ, большую прадукцыйнасць працы, трэба пастаянна павышаць сваю кваліфікацыю".

У гэтай сітуацыі вельмі патрэбны механізмы, якія стымулявалі б і наймальнікаў, і саміх работнікаў да арганізацыі пастаяннага навучання і павышэння кваліфікацыі, падкрэсліў старшыня ФПБ. У сувязі з гэтым прафсаюзы ў перагаворах з сацыяльнымі партнёрамі настойваюць на ўнясенні ў калектыўныя дагаворы палажэнняў аб выдзяленні сродкаў на падрыхтоўку і перападрыхтоўку работнікаў.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі