Дэпутаты мясцовых Саветаў павінны працаваць на папярэджанне праблем грамадзян. Такое меркаванне выказаў журналістам намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Жаўняк, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уладзімір Жаўняк 14 мая ў Гродне прыняў удзел у абласным семінары на тэму павышэння эфектыўнасці дзейнасці дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў як важнага фактара развіцця рэгіёнаў. Ён адзначыў важнасць сустрэчы, паколькі ў вобласці дэпутацкі корпус абнавіўся практычна напалавіну. У прыватнасці, больш як 78 працэнтаў дэпутатаў аблсавета, 70 працэнтаў дэпутатаў Гродзенскага гарсавета, а таксама больш за 52 працэнты дэпутатаў на раённых узроўнях - нававыбраныя.
"Дэпутатам неабходна працаваць на апярэджанне. Калі чалавек прыходзіць на прыём, значыць ужо ўзнікла праблема. Дэпутат мясцовага Савета - самы блізкі да людзей прадстаўнік улады. Ён павінен тонка адчуваць тую ці іншую праблему і пастарацца вырашыць яе да таго, як яна закране чый-небудзь лёс", - сказаў Уладзімір Жаўняк. Ён звярнуў увагу, што дэпутаты павінны актыўна адстойваць пазыцыі сваіх выбаршчыкаў, знаходзіць агульныя падыходы, магчымасці вырашэння праблем з выканаўчай уладай.
"Прыярытэт у рабоце органаў улады на месцах - гэта чалавек, - падкрэсліў Уладзімір Жаўняк. - Сёння дастаткова сродкаў камунікацыі паміж людзьмі і ўладай. Іх неабходна разумна выкарыстоўваць, перш за ўсё для стварэння зваротнай сувязі. Людзі павінны ведаць, як вырашаюцца іх пытанні, наколькі рэзультатыўныя і эфектыўныя тыя ці іншыя рашэнні мясцовай улады". Ад народных выбраннікаў чакаюць большай публічнасці і актыўнага ўдзелу ў сацыяльна-палітычным жыцці рэгіёна.
Удзельнікамі семінара сталі дэпутаты абласнога, Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў 28-га склікання, старшыні раённых і сельскіх Саветаў дэпутатаў, прадстаўнікі органаў выканаўчай улады, прадпрыемстваў і арганізацый вобласці, а таксама сродкаў масавай інфармацыі.