Аўтарытэт супрацоўніка ўнутраных спраў трэба павышаць. Такое меркаванне выказаў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч на першым пасяджэнні грамадскага савета пры МУС у новым складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На думку Ігара Шуневіча, стаўленне грамадзян да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў неабходна трансфармаваць, павышаючы іх аўтарытэт у вачах грамадскасці. Выбудоўваць далейшы працэс узаемадзеяння з грамадзянскай супольнасцю прапануецца з дапамогай новага складу грамадскага савета пры МУС. Савету адводзіцца вялікая роля ў наладжванні гэтага дыялогу і падтрыманні яго ў канструктыўным рэчышчы.
Органы ўнутраных спраў даволі эфектыўна вырашаюць задачы па ахове жыцця, здароўя, маёмасці грамадзян, уласнасці дзяржавы, у цэлым па падтрыманні высокага ўзроўню грамадскай бяспекі і парадку ў краіне. Разам з тым, як адзначыў Ігар Шуневіч, не зніжаецца актуальнасць праблемы распаўсюджвання наркаманіі, п'янства, не змяншаецца колькасць карупцыйных злачынстваў.
З моманту стварэння грамадскага савета пры міністэрстве прайшло больш за чатыры гады. Мяркуючы па станоўчым грамадскім рэзанансе, які выклікалі разглядаемыя тэмы, яго дзейнасць мае вялікае значэнне не толькі для міністэрства, але і ўсяго грамадства. Члены савета па меры сіл робяць усё магчымае для максімальнага збліжэння супрацоўнікаў органаў унутраных спраў з насельніцтвам, павышэння ўзроўню даверу грамадзян да праваахоўнікаў, дадаў міністр.
За час работы грамадскага савета праведзены шэраг пасяджэнняў, на якіх разглядаліся самыя актуальныя пытанні, што хвалююць грамадства. Гэта і барацьба з п'янствам, наркаманіяй, прафілактыка маладзёжнай злачыннасці. Члены грамадскага савета праводзілі прыёмы грамадзян, ажыццяўлялі выязныя прыёмы ў рэгіёнах, выступалі ў працоўных калектывах супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Яны таксама ўдзельнічалі ў акцыях МУС, аказвалі садзейнічанне ў падрыхтоўцы і рэалізацыі мерапрыемстваў, прымеркаваных да 100-годдзя міліцыі Беларусі.
У Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі сёння праходзіць першае пасяджэнне грамадскага савета пры МУС у новым складзе. Грамадскі савет пры МУС створаны ў сакавіку 2013 года. Ён з'яўляецца кансультацыйным органам, які прыцягваецца да абмеркавання найбольш важных аспектаў дзейнасці органаў унутраных спраў, а таксама прызначаны выбудоўваць канструктыўны дыялог паміж праваахоўнікамі і грамадскасцю. У яго склад уваходзяць прадстаўнікі айчыннай навукі, культуры і мастацтва, кіраўнікі буйнейшых прадпрыемстваў і грамадзянскіх аб'яднанняў.